Кацярына Кучук: У спевах нараджаецца пазітыў, аптымізм і вера ў перамогу
З пачатку беларускіх пратэстаў мінула ўжо два гады. Два гады як народ краіны змагаецца за сваю свабоду, самабытнасць і культуру. Прычым робіць гэта рознымі шляхамі.

“Музычны рух” – аб’яднанне, якое цяпер часта выступае на беларускіх акцыях у Варшаве, – выконвае “змагарскія” песні: “Муры”, “Магутны божа”, “Ваярскі Марш”, “Купалінку” і іншае. Але ці проста гэта: захоўваць баявы дух, калі многія ўжо стаміліся?
Сёння пра гэта і не толькі мы размаўляем з Госцяй Рацыі, актывісткай “Музычнага руху” Кацярынай Кучук.
РР: Як цяпер сябе адчувае музычны рух?
Кацярына Кучук: Напэўна, як і ўсе беларусы зараз, асабліва тыя, якія жывуць год ці больш за год у Ваошаве. Ёсць трошкі стомленасці, эмоцыі, зразумела, асабліва пасля вайны ва Украіне. Наклалася мала таго, што праблема нашай Беларусі, але і праблемы яшчэ ва Украіне цяжка перажываць.
Нягледзячы на гэта, дзякуючы спевам якраз, мы і спрабуем трымаць сябе пазітыўна і гэты пазітыў чэрпаць у спевах. У нас „Музычны рух” таму і называецца рух, што гэта не гурт, не пэўны склад людзей. То-бок людзі на працягу года насамрэч мяняюцца. Ёсць тыя, якія ходзяць пастаянна, ёсць тыя, якія хадзілі, але з’ехалі ў іншы горад, з’ехалі за Варшаву і ўжо не ходзяць. Таму цяжка адзначыць пэўны склад людзей.
Яшчэ ёсць такі момант, што на акцыю прыходзіць той, хто можа прыйсці. Хтосьці прыходзіць адзін раз на месяц, хтосьці бывае раз на паўгода далучаецца на вялікія маршы. Але спевы даюць гэты настрой, я б сказала нейкай нават псіхатэрапіі. Плюс гэта беларускія спевы, яны заўсёды нясуць для людзей, якія патрыёты, пазітыўны настрой. У спевах нараджаецца пазітыў, аптымізм нават ды і вера ў перамогу, у нешта добрае.
РР: Якая песня найбольш зараз вас падтрымлівае, якую вы спяваеце?
Кацярына Кучук: Апошняя песня – гэта “Муры”, у сувязі з тым, што былі ўзгодкі гэтых падзеяў, два гады з 9 жніўня. “Муры” актуальна, таму што яна і тады была на плыні, і зараз мы спявалі на беларускай мове, людзі падпявалі, і бачна было, наколькі пазітыўная энергетыка і вера ў тое, што гэтыя муры ўсё ж такі рухнуць. Але акрамя гэтага, канешне ж, “Пагоня”. Песня такая неадназначная. Вось мы нядаўна разбіралі сэнс, які закладзены ў “Пагоню”. Калі ўдумацца, кожны ўкладае свой сэнс. Напэўна, ён ёсць нейкі агульны, таму што Пагоня – гэта ж герб Беларусі, і песня фактычна пра герб і напісана Максімам Багдановічам, вядомым нашым паэтам. Але сэнс, які закладзены, насамрэч нюансы розныя, але ў любым варыянце ён пра Беларусь і нараджае пазітыў і аптымізм.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Далучыцца да аб’яднання “Музычны рух” можна па спасылцы: https://www.instagram.com/muzychny_ryh_wawa/
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя