Зяленскі сустрэўся з Эрдаганам і Гутэрышам у Львове
Прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган правялі сёння перамовы ў Львове.

Як паведаміў Зяленскі ў тэлеграме: «Візіт Прэзідэнта Турцыі ва Украіну — важкі месэдж падтрымкі з боку такой магутнай краіны. Падчас сустрэчы ў Львове мы абмеркавалі з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам магчымасць удасканалення збожжавай ініцыятывы, сітуацыю вакол Запарожскай АЭС і ядзерны шантаж з боку акупантаў, маштабны крадзеж Расеяй збожжа на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Таксама закранулі пытанняў абароннага ўзаемадзеяння».
Зяленскі ўпэўнены, што далейшае пашырэнне супрацоўніцтва паміж Украінай і Турцыяй узмоцніць абодва бакі.
Акрамя таго, у Львоў сёння прыбыў і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, з якім у прэзідэнтаў былі запланаваныя трохбаковыя перамовы. Яны адбыліся ў закрытым рэжыме і працягваліся 40 хвілін.

Напярэдадні ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў выказаў занепакоенасць, што гэтая сустрэчы можа быць не на карысць Украіны, паколькі сесці за стол перамоваў проста цяпер — расейскі план. Паводле прагнозу Жданава, «першай умовай гэтых перамоваў будзе часовае спыненне агню. Як кажуць, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Расея будзе спрабаваць «засталбіць» тыя дасягненні, якія ў іх ёсць на сёння». На думку Жданава, генеральны сакратар ААН увогуле займае бок Пуціна і зацікаўлены ў «таварна-грашовых здзелках» па збожжы. А ў Рэджэпа Эрдагана «свае віды на гэтую вайну. У яго свае дамоўленасці з Расеяй. Ён не ўводзіць санкцыі супраць Расеі, яны сустракаліся [з Пуціным] 5 жніўня ў Сочы і пра нешта дамовіліся», — нагадаў экспэрт.

Заклікі да перамір’я з Расеяй Жданаў назваў «небяспечнай сітуацыяй». Ён не выключае, што прэзідэнта Зяленскага будуць ўгаворваць падпісаць мір з Расеяй і на тых умовах, якія вылучае РФ. Эксперт таксама звярнуў увагу на тое, што ў дадзеных перамовах не ўдзельнічаюць ЕЗ і ЗША, што «насцярожвае».
Array