Мінінфарм заблакаваў люстэрка навіннага сайту Reform.by
Цяпер карыстальнікі з Беларусі не могуць зайсці ні на reform.by, ні на reform.news. Сайты даступныя толькі праз проксі, паведаміла рэдакцыя сайту.

Пры спробе зайсці на асноўны сайт або люстэрка наведвальнік бачыць паведамленне: «Доступ да рэсурсу абмежаваны для выканання рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага на падставе Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“».
Як вядома, пасля выбараў 2020 году ў Беларусі заблакавалі сайты дзясяткаў беларускіх незалежных медыя, большасць з іх прызналі «экстрэмісцкімі». Беларусаў рэгулярна затрымліваюць і судзяць за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», за перапосты інфармацыі са СМІ, прызнаных «экстрэмісцкімі».