„Аб прынятым рашэнні Вам будзе даведзена дадаткова”



Слонімцы атрымалі адказ на свой зварот да старшыні Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання Алега Таргонскага. У адказе за подпісам старшыні Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алега Таргонскага паведамляецца:

“На Ваш зварот наконт прапановы прыняцця нарматыўных прававых актаў на беларускай мове паведамляем наступнае.

Парадак прыняцця нарматыўных прававых актаў рэгламентуецца артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2018 №130-3 “О нормативных правовых актах”.

Разам з тым, пытанне прыняцця рашэнняў Слонімскага раённага Савета дэпутатаў на беларускай мове будзе разгледжана на чарговым паседжанні сесіі Савета дэпутатаў у верасні 2022 года. Аб прынятым рашэнні Вам будзе даведзена дадаткова”.

Нагадаем, што ў звароце, які падпісалі 50 слонімцаў, запытвалася: “У адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. 3 гэтага вынікае, што яны маюць роўны статус. Аднак на практыцы, і найперш у заканадаўчай сферы, беларуская мова ігнаруецца, што вядзе да парушэння моўных правоў грамадзян у гэтай галіне. У сувязі з гэтым мы накіроўваем свае подпісы з прапановай прымаць усе законы і нарматыўна прававыя акты ў форме рашэнняў адпаведна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на дзвюх дзяржаўных мовах (ці толькі на беларускай мове, мове тытульнай нацыі, калі гэта эканамічна выгадней)”.

Беларускае Радыё Рацыя