У Берасці будуць судзіць беларуса за намер з’ехаць добраахвотнікам ва Украіну
У Берасці сёння будуць судзіць Андрэя Маслова за тое, што ён планаваў з’ехаць добраахвотнікам ва Украіну.

Справу пачалі па крымінальным артыкуле „Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу”.
Праваабаронцы мяркуюць, што Маслова будуць судзіць не за ўдзел, а толькі за замах на ўдзел. Гэта ўжо трэці такі працэс, пра які вядома праваабаронцам.
У канцы ліпеня Берасцейскі абласны суд асудзіў на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за жаданне зрабіцца добраахвотнікам ва Украіне берасцейца Сяргея Вайцюка.
Вайцюк спрабаваў паехаць ва Украіну пасля таго, як пасварыўся з сям’ёй. Акрамя таго, на тры гады калоніі па гэтым артыкуле быў асуджаны жыхар Салігорскага раёна Міхаіл Лістападаў.