Сталі вядомыя падрабязнасці справы лідара АГП Мікалая Казлова



Следчы камітэт працягвае распачынаць крымінальныя справы за пратэсты 2020 года. За апошнія паўгода ў Менску затрымалі больш за 280 пратэстоўцаў. 238 з іх ужо выставілі абвінавачанні па крымінальных справах. Такія лічбы дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА назваў начальнік сталічнага ўпраўлення Следчага камітэта Сяргей Паско.

Удзельнікаў акцый пратэсту Паско называе „прадстаўнікамі вулічнага тэрору”. Асобна ён расказаў пра лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

„У жніўні 2020 года ён не толькі прымаў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Менска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі”, — заявіў Паско.

Цяпер на апазіцыянера пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Экс-падпалкоўніка міліцыі трымаюць пад вартай.

Беларускае Радыё Рацыя