Уладзімір Арлоў: Гэта быў цудоўны падарунак да майго дня нараджэння
Напярэдадні свайго дня нараджэння вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў сустрэўся з чытачамі на паседжанні беластоцкага гістарычнага клуба Beer&History. Нагодай для сустрэчы стаў выхад у Беластоку яго кнігі «Ордэн Белай Мышы».

Кажа Уладзімір Арлоў:
– Мне вельмі прыемна, што быў поўныя гэты паб. І гучалі цікавыя вельмі пытанні. Прыйшлі мае землякі. Ну і ўвогуле ўсе прысутныя для мяне былі вельмі дарагія. Усе вельмі адэкватна ўспрымалі паэзію і фрагменты прозы. І я асабліва ўсцешаны, што гэтая сустрэча як раз папярэднічала майму дню нараджэнню. Гэта быў такі цудоўны падарунак.
На пачатку сустрэчы Уладзімір Арлоў прачытаў сваё славутае эсэ «Незалежнасць – гэта…», якое ў свой час было перакладзена на 30 моваў. А затым прадставіў дзве свае кнігі, якія выйшлі ў Польшчы. Летась у Любліне выйшаў двюхмоўны зборнік балад «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». А літаральна днямі ў Беластоку па-беларуску пабачыў свет зборнік прозы «Ордэн Белай Мышы». Усе гэтыя кнігі можна было набыць на сустрэчы з пісьменнікам.






***
У беларускіх пісьменнікаў, якія былі вымушаныя выехаць за межы радзімы, пачалі выходзіць кнігі па-беларуску ў Польшчы. Сярод першых – выйшаў раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном», які выдаў Фонд «Камунікат». І вось Фонд падрыхтаваў для беларускіх чытачоў у Польшчы новы падарунак – гэта кніга Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы», якая ўключае ў сябе таксама раннія апавяданні пісьменніка і «Сібірскую аповесць».
Кнігі Уладзіміра Арлова і раней выходзілі ў Польшчы, але або выключна па-польску, або дзвюхмоўныя. Упершыню польскамоўная кніга Арлова выйшла ў 2000 годзе ў Беластоку і называлася Requiem dla piły motorowej. Выдалі яе беларусы Беласточчыны. Пра іншыя свае польскія кнігі кажа сам аўтар:
– Потым у Вроцлаве выйшаў “Каханак і высакосці”, у Гданьску выйшаў мой том паэзіі “Паром праз Ла-Манш” у перакладзе выдатнага перакладчыка Адама Паморскага. І за гэтую кнігу я атрымаў самую значную, самую важкую, можа быць, у маім жыцці прэмію Гданьскай мэрыі “Еўрапейскі паэт вальносці”. Потым выйшла кніга маіх баладаў “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”.
Прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова абылася сёння, 24 жніўня, на пасяджэнні гістарычнага клуба Beer&History, якія традыцыйна праходзяць у беластоцкім пабе Beer4U па адрасе ul. Legionowa 14/16 lok.2.
Беларускае Радыё Рацыя