Выйшаў з друку том твораў Юркі Голуба
У Менску свет пабачыў том (560 старонак) твораў найвялікшага паэта Гарадзеншчыны Юркі Голуба (1947-2020) пад назвай “Дыханне трыснягоў”. Том твораў падрыхтаваў і напісаў прадмову да яго пісьменнік Міхась Скобла. Выхад выбранай спадчыны Юркі Голуба прымеркаваны да яго 75-годдзе, якое паэт адзначыў бы 20 кастрычніка.
Кніга Юркі Голуба складаецца з выбраных вершаў з усіх ягоных прыжыцццёвых кніг, а таксама з дзіцячых зборнічкаў “У бары грыбы бяры”, “Птушыны радавод”, з нявыдадзенага зборніка “Аберуч”, пераклады паэта, а таксама эсэ, артыкулы, абразкі. У кнігу складальнік таксама ўключыў студэнцкі дзённік паэта “Агеньчык позірку твайго…”, ліставанне з Рыгорам Семашкевічам і Ларысай Геніюш, артыкул-успамін Алеся Жука “Там, у нашай прасторы”. Том твораў пісьменніка добра ілюстраваны фотаздымкамі розных гадоў.
Міхась Скобла ў прадмове да кнігі адзначыў: “Вершы Юркі Голуба ашчадныя на эмоцыі. Паэт не шкадаваў вобразаў, сыпаў іх не шчопцямі, не жменямі — цэлымі прыгаршчамі, а воклічы захаплення ці абурэння скупа адмерваў па кроплі, нібы мікстуру ў аптэцы. Я двойчы пералічыў: у зборніках “Векапомнае поле” (1976) і “Помню пра цябе” (1983) роўна па сем клічнікаў. Паэт і гаварыў нягучна, і пісаў нібы напаўголасу. Але і напаўголас ягоны (хай сабе нават і шэпт) — непадробны, яму ўласцівыя і свой тэмбр, і сваё дыханне.
Нас возера прысніла.
Нас возера вязло.
I літасці прасіла
Кляновае вясло.
Спакойная вада.
На беразе вуголле.
А нехта спіць, відаць,
У вопратцы на голлі.
Які трывожны міг —
I войны…
І радзіны…
І як блізняты — мы
Пад сэрцам у Радзімы.
Ці не гэтым адчуваннем сябе пад сэрцам у Радзімы тады яшчэ малады паэт прыйшоўся да душы Ларысе Геніюш. Яна заапекавалася таленавітым земляком, пісала яму сардэчныя лісты, а аднойчы прыслала з Зэльвы ў Менск цёплыя рукавіцы — каб грэў”…

Вялікі том твораў Юркі Голуба падрыхтваны і выдадзены, які адзначае Міхась Скобла, не ў самы спрыяльны для паэзіі час у Беларусі. Але час працуе на Беларусь, на нашу літаратуру, на творчасць тых таленавітых літаратараў, якім быў Юрка Голуб. І гэты час не за гарамі.
Беларускае Радыё Рацыя

