Агляд прэсы: „Далікатныя гіганты кітайскага мора”
Лізавета II з-за праблем са здароўем прызначыць новага прэм’ера Брытаніі ў Шатландыі, у польскім Бжэгу зносяць помнік Чырвонай арміі, патэнцыйны рост коштаў прымусіў фінскіх аўтааматараў вельмі рана купляць зімовую гуму, у морах вакол Кітая цалкам вымерлі дзюгоні.
Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II з-за сваіх праблем са здароўем не будзе прызначаць новага прэм’ер-міністра краіны ў Букінгемскім палацы, як гэтага патрабуе традыцыя, паведамляе таблоід The Sun, спасылаючыся на інфармаваную крыніцу. Як заявіла крыніца, каралева зробіць гэта ў замку Балмарал у Шатландыі. 96-гадоваму манарху рэкамендавалі не з’яжджаць у Лондан. „Гэта не лепшы выбар – прымушаць каралеву пераадольваць тысячу міль туды і назад для 48-гадзіннага візіту, калі прэм’ер-міністр можа сам лёгка дабрацца да Балмарала”, – заявіла крыніца. Ён таксама звярнуў увагу, што Лізавета II збіраецца сама прызначыць новага прэм’ера, а не даручаць гэта свайму сыну прынцу Чарльзу. Раней газета Daily Mail пісала, што каралева Лізавета II плануе спыніць свой адпачынак у Шатландыі, каб сустрэцца з новым прэм’ер-міністрам Брытаніі і прадставіць яго ўраду. 7 ліпеня Барыс Джонсан звярнуўся да нацыі і аб’явіў аб сваёй адстаўцы з пасады кіраўніка брытанскага парламента на фоне скандалу са сваім пратэжэ ў партыі кансерватараў Крыстаферам Пінчэрам. Да абрання пераемніка ён застаецца выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўрада. Кандыдатамі на пасаду прэм’ера Брытаніі з’яўляюцца міністр замежных спраў Ліз Трас і былы кіраўнік Мінфіна Рышы Сунак.
Польскія ўлады распачалі дэмантаж помніка Чырвонай арміі ў горадзе Бжэг Апольскага ваяводства. Пра гэта паведаміла Польскае агенцтва друку. Манумент быў узведзены ў горадзе ў 1972 годзе. На ім быў размешчаны надпіс: „Вестэрплатэ. Сталінград. Берлін” і „6 лютага 1945 г. Вызваленне горада Бжэг савецкім войскам”. Жыхары Бжэга называлі яго „помнікам сантэхніка” з-за зблытаных сталёвых труб у ніжняй частцы манумента. У 2009 годзе ўлады горада Бжэг правялі маштабную рэканструкцыю помніка. Летась мясцовыя дэпутаты прынялі рашэнне аб яго дэмантажы. Рашэнне падтрымаў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, які займаецца складаннем спісаў мемарыялаў, якія падлягаюць зносу ў рамках кампаніі па дэкамунізацыі. Цяпер у гэтым спісе каля 60 помнікаў.
Патэнцыйны рост коштаў прымусіў фінскіх аўтааматараў вельмі рана купляць зімовую гуму. Палова шын для легкавых аўтамашын, якія прадаюцца ў Фінляндыі, раней імпартавалася з Расеі. Аднак пасля ўводу заходніх санкцыйных захадаў яны пачалі знікаць з прылаўкаў у гэтай дзяржаве. Пачалі цыркуляваць чуткі аб магчымых праблемах з наяўнасцю зімовай гумы, і гэта прымусіла многіх фінаў купіць шыны раней. Пра гэта паведаміла фінскае выданне Yle. З-за чутак аб магчымых праблемах з зімовымі шынамі, гэтай вясной і летам была прададзена рэкордная колькасць гэтых важных для паўночных краін кампанентаў. Пра гэта распавёў Вілі Лінтала (бізнэсовец, адзін з кіраўнікоў аўтамайстэрні Rengaskeskus у горадзе Сейняёкі). У дадзены момант многія пытаюцца аб зніжках на шыны, аднак не скупляюць іх так актыўна, як тры-чатыры месяцы таму. А вось за некалькі месяцаў да гэтага продаж зімовых шын ішоў вельмі жвава.
Дзюгонь, марскі від з атрада сірэн, больш не насяляе мора, што амывае Кітай. Дзюгоні – унікальныя марскія гіганты. Іх вага дасягае 500 кілаграмаў, а візуальна і паводзінамі яны падобныя з ламанцінамі, але валодаюць хвастамі, як у кітоў. Навукоўцы жартам называюць прадстаўнікоў гэтага віду самымі далікатнымі гігантамі ў акіяне – прычынай таму іх лагодны нораў, піша BBC. Як адзначае ў сваім даследаванні міжнародная група навукоўцаў, жывёл, якім у 1988 годзе быў прысвоены статус ахоўных, у апошнія гады ў гэтым рэгіёне практычна не бачылі. Даследаванне апублікавана ў часопісе Open Science Лонданскага каралеўскага таварыства па развіцці ведаў аб прыродзе. Навукоўцы прааналізавалі дадзеныя аб тым, як часта бачылі гэтых жывёл за апошнія 100 гадоў, і апыталі амаль 800 чалавек. Дадзеныя паказалі, што часцей за ўсё дзюгоні сустракаліся ў морах ля берагоў Кітая ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, а з 1975 года іх пагалоўе стала рэзка скарачацца. Апошні раз пацверджаны выпадак сустрэчы з дзюгонём у гэтых раёнах быў 23 гады таму, за апошнія пяць гадоў было тры такія выпадкі, аднак яны не пацверджаны афіцыйна. Навукоўцы зазначаюць, што хуткае эканамічнае развіццё Кітая і суседніх дзяржаў прывяло да нарошчвання рыбалоўства, марскога турызму і будаўніцтва. Гэта прывяло да пагаршэння асяроддзя пасялення марскіх жывёл і скарачэння кармавой базы дзюгоняў, якія сілкуюцца багавіннем. Некаторае пагалоўе дзюгоняў пакуль яшчэ ёсць у трапічным поясе Індыйскага і Ціхага акіянаў, гэтыя жывёлы перыядычна сустракаюцца ў трапічных і субтрапічных водах паміж Японіяй і Вануату. Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў адносіць дзюгоняў да нестабільных відаў, існаванне якіх апынецца пад пагрозай, калі не прыняць ахоўныя меры.
Беларускае Радыё Рацыя