Ворша і Чаркасы — больш не пабрацімы
У Воршы на алеі гарадоў-пабрацімаў дэмантавалі пліту з украінскімі Чаркасамі, паведамляе Аршанскі рэгіянальны партал.

Зніклі Чаркасы і са спіса гарадоў-пабрацімаў на сайце Аршанскага выканкама. Пры гэтым інфармацыі пра разрыў сувязей журналісты не знайшлі.
А вось пра разрыў іншых пабрацімскіх сувязяў казалася публічна — напрыклад, паміж Менскам і Кіевам.
Пра гэта ў сваім канале ў пачатку чэрвеня абвясціў кіеўскі мэр Віталь Клічко. „Менск ужо наўрад ці можна назваць горадам-пабрацімам Кіева. Таму нам нічога не перашкаджала прыняць рашэнне аб пазбаўленні такога статусу сталіцы Беларусі. Краіны, з тэрыторыі якой ляцелі ракеты ва ўкраінскія гарады і пасёлкі і адбывалася ўварванне расійскіх войскаў у нашу дзяржаву„, — патлумачыў тады гэтае рашэнне Клічко.
За некалькі дзён да гэтага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў улады амерыканскіх гарадоў разарваць стасункі з расейскімі гарадамі-пабрацімамі.