Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” перамаглі „Арсенал”
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” перамаглі дзяржынскі „Арсенал” з лікам 2:1 у першым матчы 19-га тура чэмпіянату Беларусі.
У першым тайме сустрэчы ў Гарадзеі Валерый Гарбачык вывеў тарпедаўцаў наперад, пасля перапынку Яўген Бярозкін забіў другі гол, а потым Валерый Сянько адыграў адзін мяч. Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца сёння: „Менск” – „Слуцк”, „Энергетык-БДУ” – „Дынама” (Берасце), „Белшына” – „Дынама” (Менск).
Цэнтральным паядынкам гэтага тура стане сустрэча паміж лідэрамі БАТЭ і „Шахцёрам”, якая адбудзецца заўтра на полі „Барысаў-Арэны”.
„Лацыё” тройчы забіў „Інтэру” і святкаваў перамогу
Рымскі „Лацыё” перайграў 3:1 міланскі „Інтэр” у трэцім туры чэмпіянату Італіі. У „арлоў” галы на рахунку Фэліпэ Андэрсана, Альберта і Пэдра. За „змей” вызначыўся Лаўтара Марцінэс. Лацыяле з 7 ачкамі ўзначалілі турнірную табліцу.
Беларускі галкіпер Аляксей Аўгуль будзе гуляць у чэмпіянаце Сан-Марына
Беларускі брамнік Аляксей Аўгуль падпісаў кантракт з „Лібертас” з чэмпіянату Сан-Марына. Каманда, за якую будзе выступаць 23-гадовы футбаліст, фінішавала ў мінулым сезоне на сёмым месцы ў табліцы.
Адзначым, што Аляксей — сын вядомага ў мінулым беларускага абаронцы Алега Аўгуля, які на світанку суверэнітэту выступаў у сталічных „Дынама-93” і „Тарпеда”, а таксама салігорскім „Шахцёры”.
Што да Аляксея Аўгуля, ён з’яўляецца выхаванцам ФК „Мінск” і выпускніком футбольнай акадэміі італьянскай „Перуджы” (2016-17). Цягам апошніх чатырох з паловай гадоў ён выступаў у італьянскіх клубах чацвёртага і пятага дывізіёнаў. Аўгуль будзе не першым беларусам у чэмпіянаце Сан-Марына. Першапраходцам стаў Яўген Ліпень, які ў 2012-17 гады абараняў колеры мясцовага „Фіярэнціна” і правёў у яго складзе больш за сотню афіцыйных паядынкаў. Чэмпіянат Сан-Марына стартуе 2 верасня.
Гандбалісткі „Гомеля” разграмілі „Віцебчанку” на старце турніру памяці Тамажа Чатэра
Гандбалісткі „Гомеля” і брэсцкага клуба „Вікторыя-Бярэсце” атрымалі перамогі на старце турніру памяці Томажа Чатэра, які праходзіць у гомельскім палацы гульнявых відаў спорту. Гаспадыні спаборніцтваў чэмпіёнкі Беларусі ў першым паядынку не пакінулі шанцаў на поспех саперніцам і выйгралі з розніцай у 25 мячоў – 39:14. Самымі выніковымі ў складзе гамяльчанак сталі Наталля Даньшына і Лада Самойленка, якія закінулі мяч па пяць разоў. Берасцейскія гандбалісткі ўпэўнена перайгралі спартовак „Гараднічанкі” з лікам 27:22.
Сасновіч адолела Карнэ і выйшла ў фінал турніру ў Кліўлендзе
Беларуска Аляксандра Сасновіч (36 ВТА) прабілася ў фінал турніру ВТА-250 у Кліўлендзе. У матчы 1/2 фіналу яна адолела францужанку Алізэ Карнэ — 6:7, 7:5, 6:3. Для Сасновіч гэта чацвёртае выйсце ў фінал на турнірах ВТА. У трох папярэдніх выпадках беларуска ў матчах за тытул саступала. За тытул Сасновіч будзе змагацца з наймацнейшай тэнісісткай з пары Бернарда Пяра — Людміла Самсонава.
Зборная Польшчы з перамогі пачала абарону тытула на чэмпіянаце свету па валейболе
Дзеючыя чэмпіёны свету, валейбалісты Польшчы, з перамогі пачалі выступы на планетарным форуме сярод мужчынскіх каманд, лёгка разабраўшыся з сапернікамі па групе „С” з Балгарыі 3:0. У палякаў лепшым стаў Каміль Семянюк, які набраў 16 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя