«Меншае зло»
Навучальны год для ўкраінскіх дзяцей скончыўся позна, у розных рэгіёнах былі вызначаны свае даты, але пачатак новага адбудзецца традыцыйна 1 верасня. З-за расейскага ўварвання гэта будуць незвычайныя фарматы: дырэкцыя кожнай школы разам з бацькамі выбірае свой, зыходзячы з меркаванняў бяспекі. У асноўным, вядома, гэта анлайн-форма альбо змешаная, якая арыентавана на навучэнцаў выпускных класаў. Істотным ёсць пытанне змены навучальных праграм: замежная літаратура, гісторыя Украіны і сусветная гісторыя зараз не могуць вывучацца па старых падручніках.

Для гэтага Міністэрства адукацыі стварыла спецыяльныя рабочыя групы, якія ў тэрміновым парадку ўжо пачалі займацца абнаўленнем зместу. Плюс увядзенне новага прадмета – «Абарона Айчыны» са спецыяльнымі блокамі аб супрацьміннай дзейнасці і паводзінах падчас абвалу будынкаў. Ведаю ад бацькоў, што за савецкім часам урокі пачаткова-вайсковай падрыхтоўкі выкладалі, як правіла, адстаўныя вайскоўцы. А апавяданні пра хранічна нецвярозага маёра/падпалкоўніка, які падчас урока пад выглядам чаявання з тэрмаса проста нахабна падтрымліваў градус, і ад мамы, і ад бацькі былі настолькі падобнымі, што стваралася ўражанне пра аднаго і таго ж настаўніка.
Спадзяюся, зараз гэтай дысцыпліне будзе надавацца належная ўвага, і праз дваццаць-трыццаць гадоў былыя шкаляры ўжо не будуць успамінаць аб гэтым, як аб анекдоце. Вядома, пытанне бяспекі ўкраінскіх школьнікаў зараз на першым месцы, і калі хтосьці пяройдзе на афлайн-фармат, то бацькоў турбуе, ці абсталяваная школа паўнавартасным сховішчам у выпадку ракетнага абстрэлу ці авіяналёту, ці ёсць неабходны запас вады, ежы і медыкаментаў на экстраны выпадак, ці навучаны педагогі ў плане рэагавання на паветраную трывогу, каб не ўзнік хаос. І разам з гэтым важным застаецца пытанне аб якасці навучання.
Спачатку пандэмія, калі праз карантын школьнікі не мелі магчымасці паўнацэнна вучыцца, а педагогі проста заплюшчвалі вочы на вынікі ў канцы навучальнага года. Цяпер вайна. Сярод маіх украінскіх сваякоў ёсць школьнікі, якія адкрыта кажуць аб тым, што дыстанцыйная форма значна лягчэй, слабей патрабаванні, і прагуляць анлайн-урок прасцей, таму што фармальна школьнік можа на ім прысутнічаць. Але, напэўна, самая складаная сітуацыя зараз на захопленых тэрыторыях Украіны, дзе акупанты прымушаюць педагогаў і бацькоў пачаць навучальны год у школах, дзе будуць выкладаць «русский мир».
Супраціў пагражае стратай жытла, дэпартацыяй і рызыкай адправіць школьнікаў у дзіцячыя дамы РФ. Іншымі словамі, у Запарожскай і Херсонскай абласцях акупанты выкарыстоўваюць адукацыю як інструмент прыгнёту, а школы ператвараюць у цэнтры прапаганды для русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей. Таму адзіны спосаб гэтага пазбегнуць – тэрмінова эвакявацца на падкантрольныя Украіне тэрыторыі. Але лепш анлайн-навучанне па ўкраінскай праграме, чым афлайн-фармат з акупантамі і калабарантамі.