Паказальны суд над ухілістам адбыўся ў Гародні
Паказальны суд над ухілістам адбыўся ў Гарадзенскім ваенкамаце. У залу былі запрошаныя будучыя прызыўнікі, маладыя людзі, якія цяпер праходзяць медыцынскую камісію і ў найбліжэйшы час адправяцца ў войска, паведамляе «Гродзенская праўда».

Як распавёў начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята горада Гародня і Гарадзенскага раёна Міхаіл Пазнякоў, раней малады чалавек выкарыстаў адтэрміноўку ў сувязі з атрыманнем адукацыі. Ён не зʼявіўся на медыцынскі агляд па позве без важкай прычыны. Прысуд суда — адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
Гэта першы абвінаваўчы прысуд па выніках вясновай прызыўной кампаніі. Матэрыялы яшчэ на 24 гарадзенскіх ухілістаў знаходзяцца ў Следчым камітэце на разглядзе.
Вясновая прызыўная кампанія доўжылася з лютага па травень. Апавяшчэнню падлягалі 1928 маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў з Гародні і Гарадзенскага раёна. Амаль 20% з іх уручыць позвы не ўдалося.
— Частка прызыўнікоў, атрымаўшы позву, з’язджае ў краіны Еўразвяза, Украіну, якія адмаўляюць нам у экстрадыцыі, спасылаючыся на тое, што ў іх за гэтае дзеянне крымінальная адказнасць не прадугледжаная, — адзначыў Міхаіл Пазнякоў.
1 жніўня пачаўся восеньскі прызыў. Позвы з ваенкамата ў Гародні і Гарадзенскага раёна атрымаюць амаль 3300 чалавек. Каля 60 працэнтаў з іх, паводле папярэдніх звестак, атрымаюць адтэрміноўкі на розных падставах.