Звольнілі бабруйскую настаўніцу, якая прыйшла ў школу з жоўта-сіняй стужкай
Бабруйская школы №27 не працягнула кантракт з настаўніцай вышэйшай катэгорыі Ларысай Секяржыцкай, гісторыкам.

На пачатку сакавіка жанчына прыйшла ў школу з жоўтай і сіняй стужкай у валасах, за што дырэктарка выклікала на яе міліцыю. На Секяржыцкую склалі пратакол, і суд аштрафаваў яе за «несанкцыянаванае пікетаванне».
«Настаўніцы вышэйшай катэгорыі, 17 год стажу, не працягнулі кантракт, спасылаючыся на тое, што прыйшлі дакументы з пастановай суда па маёй адміністрацыйнай справе (жоўта-блакітныя стужкі ў валасах). Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік – я шукаю працу», – напісала Секяржыцкая ў сацсетках.