«Справа змоўшчыкаў»: пракурор запрасіў да 12 гадоў калоніі
Менскі абласны суд у выязным пасяджэнні працягвае разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца менскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў.
Пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў наступныя тэрміны па «справе змоўшчыкаў»: Аляксандр Фядута — 12 гадоў калоніі; Рыгор Кастусёў — 12 гадоў калоніі; Юры Зянковіч — 12 гадоў калоніі; Дзяніс Краўчук — тры гады калоніі; Вольга Галубовіч — тры гады калоніі.
Нагадаем, што судовы працэс у «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну. Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Зянковіча. Фядута пасля абвяшчэння абвінавачання часткова прызнаў віну. Кастусёў не прызнаў віны па ніводным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачання. Галубовіч і Краўчук прызналі віну ў судзе ў поўным абʼёме. Зянковіч не выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненне са следствам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Белта