Агляд прэсы: канец „кветачак”
Беларусь як падстрахоўка Крамля. Што чакаць ад контрнаступлення блізу Херсона? Рост коштаў на электраэнергію: як рэагаваць Еўразвязу? Памёр Гарбачоў: якая спадчына прэзідэнта СССР? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Ажно да ўварвання Расеі ва Украіну аўтакратычныя ўрады Беларусі і Казахстана цвёрда стаялі ў лагеры Пуціна. Шматгадовы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у адрозненне ад Казахстана, наўпрост удзельнічаў ў пуцінскай вайне. Але рыторыка Лукашэнкі таксама выклікала здзіўленне, што праявілася зусім нядаўна ў дзіўнай заяве, у якой ён павіншаваў Украіну з нацыянальным днём і пажадаў праціўніку Расеі «мірнага неба, цярпімасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця». Украінскі ўрад адхіліў заяву як «цынічную», але гэта таксама не было добра ўспрынята Крамлём», – канстатуе выданне з Вашынгтону Grid.news.
„Пакуль Пуцін змагаецца за ўтрыманне Украіны ў сферы ўплыву Масквы, іншыя важныя часткі гэтай сферы выглядаюць больш хісткімі, чым чакалася. І калі Казахстан знаходзіцца амаль у 2000 мілях ад Украіны, так што вайну можна хаця б крыху трымаць на бяспечнай адлегласці, то Беларусь, якая мяжуе як з удзельнікамі баявых дзеянняў, так і з трыма краінамі-сябрамі NATO, не мае такой магчымасці. Калі Пуцін сапраўды хоча, каб Лукашэнка накіраваў ва Украіну сваю армію, у Лукашэнкі не будзе выбару. Ён з 2020 года жыве ў мышалоўцы», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Кіеў і Масква даюць розныя адзнакі ходу баёў на поўдні Украіны ў раёне Херсона. У сучасных умовах няма магчымасці для незалежнай праверкі інфармацыі. Тым не менш, аглядальнікі зыходзяць з таго, што пералом у вайне ўжо наступіў. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau тлумачыць, што будзе азначаць вяртанне Украінай Херсона.
«Без Херсона Расея страціць кантроль над водазабеспячэннем Крыма. Без Херсона не будзе скразнога сухапутнага калідора ад Луганска да Севастопаля. Без Херсона наступ расейцаў на ўсё яшчэ вольную Адэсу будзе таксама вельмі цяжкім. Што Пуцін мае намер зрабіць для таго, каб прадухіліць гэтую ганьбу? Вырашыцца на нейкую безнадзейную, небяспечную і для самой Расеі эскалацыю – напрыклад, з ужываннем ядзернай ці хімічнай зброі? Ці хутка і ці ў аднабаковым парадку аб’явіць аб спыненні агню ў смутнай надзеі на тое, што гэта будзе ўспрынята як знак сілы? Па праўдзе кажучы, у Пуціна больш не засталося «добрых варыянтаў», – падкрэслівае нямецкае выданне.
ЕЗ мае намер рэфармаваць рынак электраэнергіі. Як заявіла старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен, рост цэн выкліканы ў першую чаргу павышэннем тарыфаў з боку газавых электрастанцый, прадэманстраваў «межы нашай цяперашняй структуры рынку электраэнергіі». На пазачарговым паседжанні, прызначаным на 9-га верасня, прадстаўнікі краін ЕЗ абмяркуюць магчымыя альтэрнатывы. Еўрапейская прэса разважае пра тое, якія меры зараз неабходны з боку дзяржавы. Гішпанская газета La Vanguardia патрабуе прыняцця неадкладных і дзейсных мераў.
«Рашэнні павінны прымацца на еўрапейскім узроўні! Прэм’ер-міністр Бельгіі заклікаў ЕЗ як мага хутчэй дамовіцца наконт гранічнага ўзроўню цэн на газ. Вялікабрытанія ўжо разглядае пытанне аб павелічэнні субсідый для хатніх гаспадарак з нізкім і сярэднім даходам і аб распрацоўцы крэдытнай праграмы для энергетычных кампаній. Францыя таксама прыняла меры: абмежавала рост коштаў на электраэнергію чатырма адсоткамі і замарозіла кошты на прыродны газ. Падвышэнне коштаў на электраэнергію і газ у Гішпаніі патрабуе шырэйшых дэбатаў, чым тыя, што вядуцца цяпер, бо наша задача – знайсці найболей адэкватны і эфектыўны адказ на энергетычны шок», – піша гішпанскае выданне.
У аўторак у Маскве на 92 годзе жыцця памёр першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. За сваю вядучую ролю ў заканчэнні халоднай вайны ён быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру. Аднак на радзіме многія да гэтага часу ставяць яму ў віну распад СССР. Еўрапейская прэса публікуе некралогі. «Гарбачоў напэўна быў у жаху ад вайны, развязанай Пуціным», – мяркуе італьянская газета La Stampa.
«Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што Міхаіл Гарбачоў памёр менавіта зараз, у момант, калі Расея, якая выйшла з улоння савецкай імперыі, якую ён спрабаваў выратаваць мірным шляхам, зноў апускаецца ў кроў і ганьбу. Для яго, гэтак жа як і для Уладзіміра Пуціна, распад Савецкага Звяза стаў найвялікшай трагедыяй XX стагоддзя, аднак, у адрозненне ад цяперашняга расейскага прэзідэнта, першы і апошні прэзідэнт СССР прыярытэтам сваёй палітычнай і чалавечай місіі зрабіў мір. Для Гарбачова напэўна не было б горш пакарання, чым памерці, усведамляючы, што яго краіна бамбардуе Украіну – краіну, адкуль была родам ягоная маці», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array