Жыхара Пінска вінавацяць у „садзейнічанні экстрэмізму”
Неўзабаве павінен пачацца судовы працэс над 33-х гадовым жыхаром Пінска, якога вінавацяць у „садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” і не толькі.

Паводле следства, грамадзянін апублікаваў у прызнаным уладамі экстрэмісцкім Telegram-канале здымкі вайсковай тэхнікі, а таксама ажыццяўляў збор інфармацыі пра размяшчэнне вайсковых у рэгіёне і нібы частку паспеў перадаць зацікаўленым асобам ва Украіну. Гэта шпіянаж.
На думку грамадскай дзяячкі з Пінску Веранікі Івановай, справа выклікае шмат сумневаў:
– Пра праўдзівасць гэтай справы судзіць вельмі складана, бо справа закрытая. Я мяркую, што справа раздутая і надуманая, бо ёсць запыт зверху закрыць як мага больш шпіёнскіх спраў ды максімальна напужаць тых, у каго былі такія думкі і жаданні. Яны хочуць стварыць бачнасць бурнай працы, бо калі б там была шпіёнская дзейнасць, то я мяркую, што працэс быў бы максімальна адкрытым, з максімальнымі падрабязнасцямі, каб гэта было павучальна. Справа „прыцягнута за вушы”.
У ліпені 2 гады зняволення за размешчаныя здымкі вайсковай тэхнікі ў забароненым Telegram-канале ўжо атрымаў 23-гадовы жыхар Пінска Канстанцін Байсараў. Але ў дадзеным выпадку прысуд можа быць больш жорсткі.
Беларускае Радыё Рацыя