Гісторыя «Песняроў» у фатаграфіях – на выставе ў Менску
У арт-гасцёўні «Высокае места» з 8 верасня пачне працаваць выстава беларускага фотамастака Міхаіла Маругі «PRO З’ЯВА. ПЕСНЯРЫ», прысвечаная святкаванню 955-годдзя Менска, паведамляе aif.by.

Фота: Міхаіл Маруга.
Міхаіл Маруга — выдатны майстар фатаграфічнага мастацтва, заснавальнік уласнай школы фатаграфіі. З ансамблем «Песняры» майстра звязвае амаль паўстагоддзя плённага творчага супрацоўніцтва. Відаць, менавіта Міхаіл Маруга больш за ўсіх здымаў «Песняроў» і нават ездзіў разам з імі на гастролі, захаваўшы на плёнку самыя значныя праграмы і канцэртныя выступленні калектыву.
Сваю выставу Міхаіл Маруга прымеркаваў да дня нараджэння ансамбля «Песняры», які па традыцыі адзначаецца 1 верасня. 53 гады таму, 1 верасня 1969 года, мастсавет Беларускай дзяржаўнай філармоніі, праслухаўшы праграму гурта «Лявоны», афіцыйна зацвердзіў яе ў статусе вакальна-інструментальнага ансамбля. Так пачыналася гісторыя легендарных «Песняроў», якія праславілі Беларусь.
На выставе прадстаўлены фатаграфіі, сцэнічныя касцюмы і ўпрыгожанні, музычныя інструменты і пласцінкі. Кожная рэч унікальная і непаўторная, як і ўся творчасць «Песняроў».
Выстава працягнецца па 9 кастрычніка.