Гандбалісткі „Гомеля” сталі першымі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі
Гандбалісткі „Гомеля” сталі першымі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі. На пляцоўцы гомельскага Палаца гульнявых відаў спорту ў паядынку за першы трафей новага сезона чэмпіёнкі краіны перамаглі срэбраных прызёраў мінулага нацыянальнага першынства гандбалістак БНТУ-БелАЗа з лікам 27:22.
„Мяшкоў Брэст” саступіў у спарынгу „Чэхаўскім мядзведзям”
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” прайгралі „Чэхаўскім мядзведзям” у гасцявым кантрольным паядынку. Пасля першага тайма сустрэчы ў падмаскоўным Чэхаве чэмпіёны Беларусі выйгравалі з розніцай у чатыры мячы – 16:12. Пасля перапынку чэмпіёны Расеі перахапілі ініцыятыву і выйгралі 31:29. Самым выніковым у складзе гасцей стаў Аляксандр Падшывалаў, які закінуў 5 мячоў.
Дубль Гардзейчука дапамог берасцейскаму „Дынама” перамагчы „Мінск„
Берасцейскае „Дынама” святкавала валявую вікторыю над „Мінскам” 3:1 у хатнім паядынку 20-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. На 11-й хвіліне гульні лідар атак гасцей Уладзімір Хвашчынскі забіў свой 11-ы гол, але развіць поспех менчанам не ўдалося. На 24-й хвіліне Седрык Куадзьё зраўняў лік, а потым сваё важкае слова сказаў капітан берасцейцаў Міхаіл Гардзяйчук, які аформіў дубль. Дзякуючы гэтай перамозе, берасцейскія дынамаўцы набралі 15 ачкоў і сышлі з перадапошняга месца ў турнірнай табліцы. У першым матчы дня футбалісты „Слуцка” пасля пяці паразаў запар перамаглі на сваім полі дзяржынскі „Арсенал” 1:0. Сёння адбудуцца яшчэ тры паядынкі: „Іслач” прыме „Энергетык-БДУ”, „Віцебск” згуляе з „Белшынай”, а „Тарпеда-БелАЗ” пазмагаецца з мазырскай „Славіяй”. Галоўныя фаварыты турніру свае сустрэчы правядуць у нядзелю. Лідар першынства салігорскі „Шахцёр” згуляе з гарадзенскім „Нёманам”. Барысаўскі БАТЭ на выездзе сустрэнецца з „Гомелем”, а менскае „Дынама” прыме на сваёй арэне магілёўскае „Дняпро”.
Беларускі саступілі ісландкам у кваліфікацыі жаночага ЧС
Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі прайгралі ісландкам у матчы адборавага турніру чэмпіянату свету 2023 года. У першым тайме сустрэчы ў Рэйк’явіку брамніка беларусак Марыю Свідуновіч двойчы засмуціла Сара Гунарсдоцір, а пасля перапынку галявы дубль аформіла Дагні Брыньянсдоцір, яшчэ па разе вызначыліся Глодзіс Вігдзясдоцір і Сельма-Соль Магнусдоцір – 6:0. Свой апошні паядынак адборавага цыкла сусветнага першынства падначаленыя Юрыя Малеева правядуць 6 верасня ў кіпрскай Ларнацы з камандай Чэхіі. Чэшкі напярэдадні таксама ў Ларнацы разграмілі зборную Кіпра з лікам 6:0.
Зборная Беларусі трэці раз запар абыграла каманду ААЭ
У Дубаі ў рамках навучальна-трэніровачнага збору беларуская зборная па пляжным футболе правяла трэці паядынак са зборнай камандай Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і выйграла з лікам 8:5.
Марозава і Крысціян завяршылі выступы ў парным разрадзе US Open
Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян завяршылі выступы ў парным разрадзе адкрытага чэмпіянату ЗША. Беларуска-амерыканскі тандэм саступіў у 1/16 фіналу прадстаўніцы Кітайскага Тайбэя Хаа-Чын Чань і японцы Сюко Ааяме – 2:6, 2:6.
Беларускае Радыё Рацыя