Асуджанай па палітычных справах маці-адзіночцы забаранілі хадзіць у казіно
Па заяве аддзела прымусовага выканання суддзя Івацэвіцкага раённага суда Сяргей Кухацкаволец прыняў рашэнне забараніць маці-адзіночцы Вользе Крондзе хадзіць у ігральныя ўстановы і гуляць у азартныя гульні.

Акрамя гэтага аддзел прымусовага выканання даў распараджэнне аператарам сувязі не прадастаўляць Вользе Крондзе паслугі інтэрнэта, мабільнай сувязі і дамашняга тэлефона. А паштовым аператарам указана грошы за пасылкі з яе рукадзеллем не аддаваць у рукі Вользе. Хаця рамесніцтва – гэта адзіны сродак яе заробку, кажа Вольга Кронда:
– Суддзя пачаў пытацца, чаму штраф не магу заплаціць. Я не адмаўляюся плаціць, але буду плаціць часткамі, бо ў мяне такіх грошай няма. Мне забаронена іграць у казіно і ў гульнявыя аўтаматы. Я кажу, што ў нас нічога такога няма. Суддзя кажа, што ў іншых, больш вялікіх гарадах ёсць, куды вы ездзіце. Я пачала смяяцца, бо я на хатняй хіміі, у мяне абмежаванні па часе. І я такія ўстановы не наведваю, у мяне няма лішніх грошай.
Усе абмежаванні і забароны будуць зняты, калі Вольга Кронда, якая адбывае трохгадовую «дамашнюю хімію», выплаціць штраф у памеры 1600 рублёў.
Акрамя гэтага жанчына выплачвае часткамі маральную кампенсацыю ў памеры 3000 рублёў мясцоваму міліцыянту Руслану Куцко, якога яна ў 2020 годзе нібыта абразіла ў інтэрнэце, падставівшы пад яго здымкам эмодзі ці то ў выглядзе пірожнага, ці то – какашкі, як хто успрымае. Віны Вольга не прызнала, адмовілася таксама здымацца ў пакаяльным відэа.
Беларускае Радыё Рацыя