Вайна ва Украіне: выбухі ў Мелітопалі і Севастопалі



192-і дзень вайны. Чутныя выбухі ў акупаваным Севастопалі. Над горадам узнімаецца дым, перадае агенцыя УНІАН.

ТГ-каналы паведамляюць пра ўдары па аэрадроме ў Мелітопалі. Мэр горада Іван Фёдараў паведаміў аб 5 гучных выбухах на захопленым акупантамі аэрадроме, дзе яны разоў 10 спрабавалі расставіць сваю ваенную тэхніку. Таксама паведамляецца пра выбухі ў раёне чыгуначнага Антонаўскага маста на Херсоншчыне. 

Тым часам выданне The Insider апублікавала выпіску з пуцінскага ўказа аб узнагароджанні медалём „За адвагу” Івана Непаратава, які загінуў 5 жніўня пад Бахмутам у Данецкай вобласці. Непаратаў вядомы як верхавод групоўкі рабаўнікоў з падмаскоўнага Сергіева Пасада. У 2013 годзе яго прысудзілі да 25 гадоў зняволення за забойства пяці чалавек, разбойныя напады, вымагальніцтва, махлярства і незаконнае захоўванне зброі. Адседзеўшы 9 гадоў, Непаратаў заключыў кантракт з ПВК „Вагнера” ​​і адправіўся ваяваць на ўсход Украіны, дзе загінуў ад „агнястрэльнага выбуховага аскепкавага пранікальнага скразнога ранення галавы”. Непаратаў — далёка не першы зняволены, які загінуў падчас расейскага ўварвання ва Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя