Сяргей Сыс: Судоў будзе багата



У эфіры нашага радыё пабываў праваабаронец з праваабрончага цэнтру „Вясна” Сяргей Сыс.

РР: Апошні прысуд у Менску: 11-ць гадоў Юрасю Зянковічу, 10-ць гадоў Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Палітычныя суды адбываюцца амаль кожны дзень.

– У апошні час давялі да судоў шмат крымінальных спраў. Іх удзельнікі прыцягнутыя „за вушы”, іх групуюць і выносяць суворыя прысуды, такіх судоў стала больш. Самае дзіўнае, што вялікая іх частка правакуецца сілавымі структурамі, як было ў „справе змоўшчыкаў”, якіх „развялі” падстаўным афіцэрам. Тое, што Рыгор Кастусёў атрымаў дзесяць гадоў за тое, што паўдзельнічаў у адной канферэнцыі, гэта проста жах. Тут зусім нядаўна такая ж сітуацыя была з той групай людзей, якія проста размалявалі цюкі сена на полі. Там таксама быў падстаўны чалавек, які прыдумаў гэтую акцыю і здаў людзей. Думаю, што і далей такіх судоў будзе багата. Таму мы, праваабаронцы, лічым, што трэба асцерагацца невядомых людзей, невядомых прапаноў. Калі чалавека не ведаеш, то дакладна патрапіш пад „крыміналку”.

РР: Як асцерагацца, калі судзяць за перапосты з выданняў, якія былі легальнымі?

Сітуацыя насцерагае нас, праваабаронцаў, бо гэта кожны дзень адбываецца ў Беларусі. Зусім нядаўна – два дні таму, майго калегу праваабаронца з Мазыра Целяпуна таксама затрымалі за нейкі пост змешчаны ў Фэйсбуку некалькі гадоў таму. Невядома які будзе прысуд, мы спадзяёмся, што там скончыцца толькі адміністрацыйнай справай, але можа скончыцца і крыміналам. Што там яшчэ „накапаюць” у тэлефоне за два-тры гады?

РР: Калі адбываецца тэрор, то ён накопліваецца адразу, а потым кожная ўлада стараецца неяк залагоджваць сітуацыю. У Беларусі наадварот – тэрор раскручваецца.

– У Беларусі ўлады дзейнічаюць алагічна, гэты махавік сапраўды настолькі раскруціўся, што мне падаецца, што калі перасадзяць усіх або з краіны з’едуць апошнія актывісты, то ён будзе пажыраць сам сябе. Будуць хапаць сваіх жа сілавікоў: супрацоўнікаў міліцыі, пракурораў, якія недзе штосьці сказалі, будуць садзіць самі сябе. Праўда, зусім нечакана для мяне з’явілася інфармацыя Гайдукевіча пра тое, каб прыязджалі, што Лукашэнка рыхтуе комплекс мер, каб камусьці зрабіць амністыю, кагосьці мякка пакараць. Запрашаюць вярнуцца ўсіх тых, хто з’ехаў за апошнія гады. Я не ведаю, хто паедзе туды і хто можа паверыць такім словам?

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя