Затрыманні ў Менску (абноўлена)



Праваабаронцы паведамілі, што маці палітзняволеных Кіма і Аляксея Самусенкаў Людмілу вызвалілі. Жанчыну затрымалі пасля суда па справе Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 8 палітвязняў.

* * *

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя новыя прозвішчы некаторых затрыманых пасля агалошвання прысуду Марфе Рабковай і дзевяці палітвязням. Гэта маці і брат асуджанага сёння да 12 гадоў палітвязня Аляксея Галаўко Алена і Кірыл Галаўко, а таксама яго сябры Данііл Крашэўскі, Аляксандр Спаткай, Андрэй Уроніч, сяброўка Ася і Алена (прозвішчы высвятляюцца). Таксама затрымалі маці палітзняволеных Кіма і Аляксея Самусенкаў Людмілу, цётку Аляксандра Францкевіча, маці экс-палітвязня Іллі Лабацэвіча.

Затрыманы як мінімум 13 чалавек.

* * *

Як стала вядома праваабаронцам, пасля суда над Марфай Рабковай і дзевяццю палітвязнямі затрымалі праваабаронцу Насту Лойку.

Яе павезлі ў адзін з мінскіх РУУСаў. Пакуль прычына затрымання невядомая.

Фота: скрыншот з відэа

Таксама вядома, што ў Менскім гарадскім судзе затрымалі некаторых сваякоў палітвязняў, а таксама прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу.

Пры гэтым прысутнічаў прапагандыст Азаронак ікі здымаў, як затрымліваюць дыпламатаў: «Смяяўся, браў у іх тыпу інтэрв’ю пры гэтым і запытваўся: «Як вам?», а ў гэты час дыпламатаў валаклі па зямлі». Нават была спроба затрымаць аднаго з адвакатаў палітвязняў па справе.

Паведамляецца, што затрымалі сваякоў Паўла Шпетнага, якога сёння асудзілі да 6 гадоў калоніі. Таксама затрымалі цётку асуджанага сёння да 17 гадоў калоніі Аляксандра Францкевіча.

Падрабязнасці высвятляюцца.