Візавых абмежаванняў ЕЗ у дачыненні да беларусаў не будзе



Візавых абмежаванняў Еўразвязу у дачыненні да беларусаў не будзе, паведаміў ў нашым эфіры дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Аднак ён адзначыў, што гэта не спыняе дыскусій у гэтым пытанні:

-Думаю, што сітуацыя будзе з’яўляцца зноў і зноў. Пакуль Лукашэнка ўдзельнічае ў пуцінскай вайне супраць Украіны, пастаянна будуць гучаць галасы, якім чынам яго пакараць. Многія з гэтых захадаў будуць закранаць і простых беларусаў.

Усё пачалося ў лютым, калі многія еўрапейскія палітыкі прымалі тэрміновыя захады ў дачыненні да Лукашэнкі, і адной з тэмаў быў візавы бан. Спачатку ў дачыненні да пуцінскага рэжыму, а потым – да лукашэнкаўскага. Некаторыя краіны аднабакова ўвялі гэтыя абмежаванні, такія як Чэхія, Эстонія. Але самае небяспечнае – гэта прапанова, якая прагучала ўлетку гэтага году – увесці поўны візавы бан. Гэта значыць, толькі гуманітарныя візы выдаваць беларусам. І гэта сур’ёзна абмяркоўвалася на нефармальных паседжаннях міністраў, і апошняе ў Празе  30 – 31 жніўня. І дзякаваць Богу, яны вырашылі не прымаць такіх мераў. А сёння з’явілася пастанова на сайце Еўракамісіі, якая кажа пра адмену спрошчанага візавага рэжыму толькі з Расеяй. Мы ведаем, што ў праекце была Беларусь, але дзякуючы нашай супольнай працы, гэтага не адбылося.

Беларусы не павінны губляць сувязі з Еўропай. Тое, што 2020 год адбыўся, тое, што нашае паўстанне пачалося, гэта ў тым ліку вынік таго, што беларусы мелі адкрытыя адносіны з Еўропай, падарожнічалі, мелі візы. Беларусь традыцыйна інтэгравыаная ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору. І зараз разрываць гэтыя сувязі толькі, каб пакараць нейкіх “ябацек”, няправільна.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Еўракамісія зацвердзіла прапанову аб поўным спыненні дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расеяй з 12 верасня. Беларусы маглі падпасці пад гэтыя абмежаванні разам з расейцамі, але гэтага не адбылося. Афіцыйны дакумент апублікаваны на сайце Еўракамісіі. Консульствам краін ЕЗ рэкамендавана правяраць просбітаў шэнгенскіх віз на прадмет пагрозы бяспецы Еўразвязу і міжнародных адносін. Прыярытэтам выдачы шэнгенскіх віз расейцам стануць гуманітарныя прычыны.

Цягам апошніх тыдняў гучалі прапановы абмежаваць або спыніць выдачу візаў і для грамадзянаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Array