Агляд прэсы: геркулесавы задачы



Чаму расейцы і беларусы ўсё больш купляюць жыллё ў Літве? Ці здолее Трас правесці Вялікабрытанію скрозь крызіс? ЕЗ плануе ўвесці столь коштаў на імпарт энергарэсурсаў. Выбары ў Швецыі: рашэнне праблемы мігрантаў Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як ЕЗ уводзіць візаваыя абмежаванні, грамадзяне Расеі не толькі свабодна падарожнічаюць, але і купляюць дамы ў Еўропе. У Літве расейцы таксама купляюць усё больш нерухомасці. У першым паўгоддзі гэтага года грамадзяне Расеі набылі ў Літве 520 аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку 184 кватэры або жылыя дамы», – піша літоўскае выданне LRT.lt.

«У Вільні расейцы набылі 2700 аб’ектаў нерухомасці, яшчэ па 1100 у Вісагінасе і Клайпедзе. Усяго ў Літве расейцы набылі 12 тысяч аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку каля 6 тысяч кватэр. Гэта 0,4 працэнта ад агульнай колькасці кватэр і жылых дамоў у Літве. Беларусы таксама імкнуцца купляць жыллё ў Літве. У першым паўгоддзі гэтага года яны набылі 240 аб’ектаў нерухомасці.

Верагодна, некаторыя расейцы купляюць нерухомасць у Літве, каб вывесці грошы з Расеі. Яны вялікія прыхільнікі расейскага імперыялізму, але іх дзеці вучацца на Захадзе. Логіка тут тая ж – мэта выцягнуць грошы з аўтарытарнага рэжыму. Грошы ўкладваюцца ў Еўропу, дзе ёсць вяршэнства закону, абарона. Гэта сведчыць пра крывадушнасці – на Захадзе дрэнна, але на Захадзе лепш. На думку літоўскіх чыноўнікаў, маёмасць, набытая расейцамі ў Літве, пакуль не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Беларусы купляюць жыллё ў Літве з-за сітуацыі з правамі чалавека ў іх краіне. Некаторыя прадпрыемствы вымушаныя з’язджаць з Беларусі, таму што там для іх неспрыяльная сітуацыя. Расейцы і беларусы таксама могуць захацець набыць нерухомасць у Літве, каб прасцей атрымаць шэнгенскую візу. Забараняць усім расеянам і беларусам купляць нерухомасць у Літве не трэба, а пакупкі павінны ацэньвацца ў кожным канкрэтным выпадку», – прапануе літоўскае выданне.

Лідарам партыі торы і пераемніцай Борыса Джонсана на пасадзе прэм’ер-міністра абрана Ліз Трас, якая займала да гэтага пасаду міністра замежных спраў. Яна атрымала 57 працэнтаў галасоў, а яе канкурэнт Рышы Сунак – 42 працэнты. На пасадзе лідэра Кансерватыўнай партыі і кіраўніка брытанскага ўрада Трас, па ўсёй бачнасці, застанецца да 2024 года, гэта значыць да новых парламенцкіх выбараў. Улічваючы ультраліберальныя думкі Трас, у сваіх прагнозах адносна яе прэм’ерства прэса настроена па большай частцы скептычна.

«На банкеты з нагоды свайго абрання ў Трас проста не будзе часу», – піша брытанская газета The Times.

«Ацэнку дзеянняў Ліз Трас грамадзяне вынясуць ужо вельмі хутка: на аснове таго, якія меры яна прыме для таго, каб пераадолець падзенне ўзроўню жыцця. Новаспечаная прэм’ер-міністр паабяцала прадставіць план на працягу тыдня, а на фоне рэзкага росту коштаў вялікая рызыка таго, што яе рэакцыя будзе занадта марудлівай. Яна павінна праявіць сапраўдную рашучасць, пры гэтым усведамляючы небяспеку таго, што можна проста наламаць дроў, прычым такіх магчымасцей – хоць адбаўляй, а панацэі ад крызісу не існуе. Надзвычайную сітуацыю падобнага маштабу нельга пускаць на самацёк. Дзяржава абавязана ўмяшацца і аказаць дапамогу хатнім гаспадаркам. Гэта – першае сур’ёзнае выпрабаванне для Ліз Трас. І ад таго, як яна з ім зладзіцца, будзе залежаць хада усяго яе прэм’ерства», – прагназуе брытанскае выданне.

Міністры фінансаў краін Вялікай сямёркі выказаліся за ўвядзенне абмежавання коштаў на расейскую нафту. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен таксама выступае за абмежаванне коштаў на імпарт газу. Расея, у сваю чаргу, пагражае поўнасцю спыніць пастаўкі. Еўрапейская прэса разважае пра тое, хто тут рызыкуе больш.
«Трэба абмежаваць кошты не толькі на нафту, але і на газ, што дазволіць ЕЗ займець вырашальную перавагу», – мяркуе італьянская газета La Stampa.

«Да гэтага часу правілы гульні дыктаваў Пуцін, ён жа вызначаў аб’ём і кошт паставак газу ў Еўропу. Аднак калі газ не закупляецца або закупляецца ў недастатковым аб’ёме, то баланс сіл мяняецца на супрацьлеглы. Бо Расея залежыць ад продажу газу не менш, чым Еўропа ад яго пакупкі. У адрозненне ад нафты, газ нельга прадаць са скідкай Кітаю і Індыі, бо трубаправоды не могуць проста змяніць свой курс падобна нафтавым танкерам. Расея па руках і нагах звязана з еўрапейскім газавым рынкам. А значыць, гэта палка аб двух канцах: еўрапейцы могуць абмежаваць кошт. Менавіта гэта і мае намер зрабіць ЕЗ», – адзначае італьянскае выданне.

У нядзелю ў Швецыі пройдуць выбары ў парламент краіны – рыксдаг. Адначасова ў краіне таксама адбудуцца рэгіянальныя і муніцыпальныя выбары. Цэнтральнымі тэмамі перадвыбарнай кампаніі сталі сацыяльныя праблемы і недастатковая інтэграцыя мігрантаў, якая, на думку многіх, абумоўлівае рост гвалту і арганізаванай злачыннасці. Справа часам даходзіць да перастрэлак і забойстваў. «Ахвярамі арганізаванай злачыннасці становяцца ў першую чаргу мігранты», – такім назіраннем дзеліцца швецкая газета Helsingin Sanomat.

«У прынцыпе ў шведаў няма негатыўнага стаўлення да імігрантаў. Іміграцыя шмат у чым станоўча адбіваецца на дэмаграфічнай сітуацыі, яна вядзе да павелічэння колькасці працоўных рук, стварэнню новых прадпрыемстваў і кампаній, росту эканомікі. Апошні паказчык, дарэчы, у Швецыі быў куды вышэйшы, чым у Фінляндыі. Аднак за апошнія гады маштабы іміграцыі ўзраслі настолькі, што Швецыя з ёй ужо не спраўляецца. Дэбаты па пытанні міграцыі ў Швецыі весці няпроста, паколькі ніколі не позна спаўзці ў элементарны расізм, які агульна стыгматызуе ўсіх мігрантаў пагалоўна. Гвалт злачынных банд, вядома, не расколвае грамадства на «добрых і дрэнных», «светлых і цёмных», паколькі ад яго ў першую чаргу пакутуюць менавіта такія ж мігранты», – падкрэслівае швецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array