Агляд прэсы: правакацыя памылкай



Чэхі ініцыююць закон ЕЗ аб наплыву мігрантаў. МАГАТЭ патрабуе стварыць зону бяспекі вакол ЗАЭС. Новы віток напружанасці паміж Турцыяй і Грэцыяй. Энергетычны крызіс: наколькі яшчэ дзейсныя санкцыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Як адзначае еўрапейскае выданне Еuobserver, Прага папярэдзіла, што Беларусь і Расея зноў могуць выкарыстоўваць мігрантаў, каб паспрабаваць «дэстабілізаваць» краіны ЕЗ, на фоне падрыхтоўкі да абмежавання правоў людзей на атрыманне прытулку ў будучых надзвычайных сітуацыях.

«Шматлікія крыніцы з боку польскіх і літоўскіх уладаў сведчаць аб павелічэнні колькасці спробаў нелегальнага перасячэння афрыканскіх мігрантаў, якія часова знаходзяцца ў Расеі, перш чым адправіцца ў ЕЗ праз Беларусь. Патоку мігрантаў спрыяе візавая палітыка Расеі ў адносінах да асобных афрыканскіх краінаў паходжання. У гэтым годзе было толькі 752 «нерэгулярных перасячэння мяжы» з Беларусі, але Польшча, Літва і Латвія таксама прадухілілі амаль 15 000 уездаў, што паказвае, што патэнцыял для магчымага павелічэння патоку ў ЕЗ застаецца высокім. Турцыя і Марока выкарыстоўвалі аналагічную тактыку супраць Грэцыі і Гішпаніі ў 2020 і 2021 гадах адпаведна.

А таму Прага спрабуе дамагчыся новага закона ЕЗ, які дазваляе прыфрантавым краінам прыпыняць звычайныя правы на прадастаўленне прытулку ў выпадку новых праблем. Любае ўзмацненне канфлікту на поўдні Украіны можа паўплываць на вялікую колькасць мігрантаў ля той жа малдаўскай мяжы, дзе можа здарыцца ўцягванне ў вайну Прыднястроўскага рэгіёну», – паведамляе еўрапейскае выданне.

***

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі б’е трывогу. Як гаворыцца ў справаздачы, прадстаўленай у мінулы аўторак групай экспертаў МАГАТЭ на чале з Рафаэлем Гросі, становішча на Запарожскай атамнай электрастанцыі, якая кантралюецца расейскімі вайскоўцамі, застаецца пагрозлівым. На мінулым тыдні група экспертаў агенцтва ўпершыню з пачатку расейскага ўварвання змагла пабываць на тэрыторыі ЗАЭС і ацаніць сітуацыю. Прэса ўстрывожана лёсам работнікаў станцыі. Як адзначае італьянская газета La Repubblica, тут нельга не занепакоіцца такім аспектам, як чалавечы фактар.

«Украінскія тэхнічныя спецыялісты, якія кіруюць працай аб’екта, знаходзяцца пад фізічным кантролем расейскіх салдат, але таксама ў кантакце з украінскім урадам, і адчуваюць на сабе велізарны ціск. Яны не могуць прымаць рашэнні свабодна і незалежна, ды знаходзяцца на станцыі бесперапынна ўжо на працягу сарака дзён. Гэтыя абставіны могуць прывесці да памылак – на аб’екце, на якім памылак пажадана было б не здзяйсняць зусім», – адзначае італьянскае выданне.

***

Тлеючая спрэчка паміж Турцыяй і Грэцыяй пагражае абвастрыцца пасля новага інцыдэнту. Анкара абвінавачвае Афіны ў палётах у паветранай прасторы над Эгейскім морам, што нібыта пагражае бяспецы Турцыі. Грэчаскі бок абвінавачанні адмаўляе. Прэзідэнт Турцыі Эрдаган прыгразіў Грэцыі, заявіўшы літаральна наступнае: «Мы можам аб’явіцца аднойчы ноччу». Аглядальнікі абедзвюх краін не на жарт занепакоеныя. Грэчаскі партал Protagon адзначае разварот у знешнепалітычнай стратэгіі прэзідэнта Турцыі.

«Агрэсіўную рыторыку турэцкага прэзідэнта можна разглядаць з двух бакоў. Па-першае, яна звязана з вельмі няпростай перадвыбарнай кампаніяй. У той жа самы час у яго глыбока ўкаранілася адчуванне, што Захад перажывае перыяд заняпаду, а таму Эрдаган шукае магчымасці адкрыта выступіць у падтрымку лагера Усходу «на ўздыме». На дадзены момант цяга Эрдагана да рэальна магутнай сілы на Усходзе, Кітаю, даволі абмежаваная. Аднак усё больш адкрытая і публічная пазіцыя Эрдагана ў адносінах да Расеі сведчыць пра яго агульныя перакананні», – папярэджвае грэчаскае выданне аб пагрозе ваеннага канфікту ў Эгейскім моры.

***

Расея спыніла пастаўкі газу па Паўночным патоку-1, пасля таго як Вялікая сямёрка і ЕЗ пачалі разгляд пытання аб абмежаванні коштаў на расейскую нафту і газ. Масква не мае намеру аднаўляць пастаўкі да таго часу, пакуль не будуць знятыя санкцыі. Аб’ём паставак па гэтым трубаправодзе ўжо быў скарочаны ў чэрвені. Паколькі і без таго высокія кошты на энерганосьбіты зараз растуць яшчэ больш, у еўрапейскай прэсе зноў разгарэлася дыскусія пра эфектыўнасць санкцый. “Дэфіцыт прадуктаў і тавараў можа прымусіць расейскае насельніцтва падняцца супраць Пуціна”, – мяркуе партугальская газета Jornal de Notícias.

«Нельга дапусціць, каб Пуцін атрымаў верх у гэтай сутычцы, незалежна ад таго, якую шкоду ён зможа прычыніць еўрапейцам. Бо ў Расеі зноў надыходзіць савецкая эпоха, і адбываецца гэта не толькі з-за экспансіянісцкіх памкненняў Пуціна, але і з-за краху эканомікі: на паліцах супермаркетаў заканчваюцца прадукты харчавання, не хапае сыравіны для пашыву найпростых штаноў. Расейцы, якія звыкнуліся за апошнія 30 гадоў да спажывання і багацця, магчыма, не будуць гатовыя абмяжоўваць сябе ва ўсім “дзеля Радзімы», – лічыць партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array