Левандоўскі абагнаў Бензема і выйшаў на трэцяе месца лепшых бамбардзіраў
Нападнік „Барселоны” Роберт Левандоўскі абагнаў форварда „Рэала” Карыма Бензему і выйшаў на трэцяе месца лепшых бамбардзіраў у гісторыі Лігі чэмпіёнаў. У матчы з „Вікторыя Пльзень” паляк аформіў хет-трык, а каталонцы выйгралі 5:1. У Роберта Левандоўскага 89 мячоў у Лізе чэмпіёнаў, ён абышоў Бензему, які мае 86. У спісе лепшых бамбардзіраў лідыруе форвард „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду 140 галоў. На другім месцы – Ліянэль Месі 125. „Інтэр” заступіў мюнхенскай „Баварыі” 0:2. Італьянскі „Напалі” на хатняй арэне нечакана разграміў англійскі „Ліверпуль” 4:1. Аўтарам дубля стаў паляк Пётр Зеліньскі, яшчэ па голу на свой рахунак запісалі Замба-Андрэ Ангуіса і Джавані Сімяоне. „Ліверпуль” змог адказаць голам Дзіаса ў другім тайме пры ліку 4:0. Паралельна „Тотэнхэм” абыграў „Марсэль” — 2:0. „Аякс” разграміў шатландскі „Рэйнджэрс” 4:0, а „Бруге” перамог нямецкі „Баер” 1:0. Мадрыдскі „Атлетыка” абыграў „Порту” 2:1, а нямецкі „Айнтрахт” быў разгромлены „Спортынгам” 0:3.
Сабаленка выйшла ў паўфінал US Open-2022
Шостая ракетка свету беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал Адкрытага чэмпіянату ЗША. У чвэрцьфінальным матчы Сабаленка ўпэўнена абыграла экс-першую ракетку свету чэшку Караліну Плішкаву з лікам 6:1, 7:6. Сустрэча працягнулася 1 гадзіну і 24 хвіліны. Сабаленка сем разоў падала навылёт, дапусціла тры падвойныя памылкі і рэалізавала тры брэйк-пойнты з сямі. За дэбютны выхад у фінал турніру „Вялікага шлема” Сабаленка паспрачаецца з пераможцай матчу паміж першай ракеткай свету, полькай Ігай Швёнтэк і амерыканкай Джэсікай Пегулай, якая займае ў рэйтынгу лепшых тэнісістак восьмую пазіцыю.
„Чэлсі” абвясціў аб адстаўцы Тухеля
Лонданскі клуб не стаў цырымоніцца з Томасам Тухелем. Пасля неадназначных вынікаў немец застаўся без працы. 49-гадовы спецыяліст звольнены з пасады галоўнага трэнера „Чэлсі”. Апошняй кропляй стала сенсацыйная параза ад „Дынама” Заграб 0:1 у Лізе чэмпіёнаў. Тухель прыйшоў у „Чэлсі” ў студзені 2021 года. Мінулы сезон АПЛ „сінія” завяршылі на трэцім радку, але новая кампанія пачалася не занадта ўдала – тры перамогі, дзве паразы, нічыя і неадназначная гульня. Як следства, шосты радок пасля 6 тураў. Галоўным прэтэндэнтам на ўжо вакантнае месца настаўніка „Чэлсі” лічаць Грэма Потэра. Ангелец зараз узначальвае „Брайтан”.
Валейбалісткі „Мінчанкі” дабіліся другой перамогі на папярэднім этапе Кубка Расеі
Валейбалісткі „Мінчанкі” атрымалі другую запар перамогу на папярэднім этапе Кубка Расеі. Беларуская каманда абыграла саперніц з краснадарскага „Дынама”. Раней падначаленыя Сяргея Юркіна ў трох партыях былі мацнейшыя за „Дынама” з Анапы.
Дзеючыя алімпійскія чэмпіёны пакідаюць планетарны форум
На валейбольным чэмпіянаце свету сярод мужчынскіх каманд, які працягваецца ў Польшчы і Славеніі, пачаліся матчы чвэрцьфіналаў. У першым з іх сышліся дзеючыя чэмпіёны Еўропы, італьянцы і пераможцы Алімпіяды ў Токіа французы. Матч працягнуўся пяць партый і завяршыўся на карысць „Адзуры” 3:2. У пераможцаў самым выніковым гульцом стаў Юрый Рамана — 22 ачкі.
Беларускае Радыё Рацыя