8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы
8 верасня 1514 года, нашы продкі перамаглі ў адной з самых значных бітваў таго часу. Войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага разбілі пад Оршай маскоўскіх інтэрвентаў.

Гэта была вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім, праваслаўным гетманам.
Аршанская бітва – адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку XVI стагоддзя. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсціслаў і Крычаў. Перамога пад Воршай разглядаецца як адна з першых у шэрагу трыумфаў беларускай зброі – Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам.
8 верасня названы Днём беларускай вайсковай славы. Гэтае свята сённяшнія ўлады Беларусі не прызнаюць.