Журналістку БелТА асудзілі за «распальванне варожасці» да сілавікоў



7 верасня 2022 года ў Берасцейскім абласным судзе вынеслі прысуд Іне Можчанцы, якая да затрымання працавала ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА, дзе займала кіруючую пасаду.

Справу разглядала суддзя Вера Філонік. Іну Можчанку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”) і часткі 1 артыкула 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы”), паведамляе Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пра Іну Можчанку вядома, што яна ўваходзіць у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі і да затрымання ў верасні 2021 года працавала ў БелТА, дзе займала пасаду начальніка сектара працы з электроннай інфармацыяй аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў.

Разам з тым, Іна Можчанка актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе ў тым ліку пакідала пратэстныя каментары і іранізавала над музыкамі, якія выступаюць у савецкай ваеннай форме.

Падставай для затрымання Іны Можчанкі з’явіліся падзеі 28 верасня 2021 года, звязаныя са “справай Андрэя Зельцэра”. На гэтую гісторыю Можчанка адрэагавала допісамі ў сацыяльных сетках — і ўжо 29 верасня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ты дзень нараджэння.

7 верасня 2022 года суддзя Вера Філонік агучыла менавіта тое пакаранне для Іны Можчанкі, пра якое прасіў пракурор Аляксандр Бацюшка: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічынь (3200 рублёў).