Агляд прэсы: першапрычына ўсяго



Рада Еўропы пачынае рэгулярны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Энергетычны крызіс: каму насамрэч шкодзяць санкцыі. Усходняй Афрыцы пагражае голад. Футбол як фактар зменаў клімату. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Камітэт міністраў Рады Еўропы пагадзіўся праводзіць рэгулярныя абмены са Святланай Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў. Камітэт прапанаваў генэральнаму сакратару стварыць «кантактную групу» ў рамках Рады Эўропы ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці. Група будзе рэгулярна даваць справаздачу Камітэту аб сваёй дзейнасці», – перадае афіцыйнае выданне Council of Europe.

На стаіх старонках выданне цытуе Старшыню Камітэта міністраў, міністра замежных спраў Ірландыі Сайман Ковені, які сказаў літаральна наступнае: «Мы аддаем прыярытэт інстытуцыйнай падтрымкі тых, хто хоча пабудаваць дэмакратычную і свабодную Беларусь, такую, якая будзе працаваць са сваімі еўрапейскімі партнёрамі ў абароне правоў чалавека і спрыяць вяршэнству права. Сённяшняе рашэнне дазваляе працягваць гэта ўзаемадзеянне на больш сістэматычнай аснове». Адзначаецца таксама, што 17-га сакавіка 2022 года Камітэт міністраў прыпыніў усе адносіны з уладамі Беларусі ў сувязі з актыўным удзелам краіны ў ваеннай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны. У той жа час Камітэт вырашыў падтрымліваць і пашыраць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй у выгнанні.

Прэзідэнт Расеі Пуцін заявіў, што антырасейскія санкцыі праваліліся і сталі «пагрозай для ўсяго свету». Незадоўга да гэтага Крэмль падліў масла ў агонь цяперашняга энергетычнага крызісу, поўнасцю прыпыніўшы пастаўкі газу па Паўночным патоку-1. Такое рашэнне было прынята Масквой на фоне планаў Вялікай сямёркі і ЕЗ увесці абмежаванне коштаў на імпарт энерганосьбітаў з Расеі. Аглядальнікі заклікаюць не верыць крамлёўскім наратывам. «Санкцыі шкодзяць толькі Пуціну», – падкрэслівае аўстрыйская газета Der Standard.

«Без паўправаднікоў з Захаду і Тайваня складана пабудаваць сучасныя ракеты, танкі ці навадныя прылады. Добрыя навіны для краін ЕЗ і іх грамадзян: паслабленне баявой моцы Расеі азначае менш смерцяў ва Украіне. Гэта было і ёсць мэтай прымусовых захадаў з боку ЕЗ. У сацыяльных сетках усё больш актыўна распаўсюджваецца міфічны наратыў аб тым, што Еўропа, маўляў, знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй. Няма нічога больш няправільнага, чым падобнае скрыўленне фактаў. Еўропа не жадае вайны: ані ў эканамічных, ані ў ваенных адносінах. Мы хочам міру. Пуцін можа скончыць вайну неадкладна. Але ён не жадае. Таму яго трэба прымусіць гэта зрабіць», – заклікае аўстрыйскае выданне.

З-за працяглай і маштабнай засухі , якая мае месца ў краінах Усходняй Афрыкі, жыхары рэгіёну сутыкаюцца з вострым недахопам харчавання. Асабліва гнятлівая сітуацыя складваецца на паўвостраве Самалі. Паводле дадзеных ААН, у агульнасусветным маштабе колькасць тых, каму пагражае голад, вырасла са 135 мільёнаў у 2019 годзе да 345 мільёнаў на сёння. Еўрапейскія СМІ лічаць, што багатыя краіны нясуць немалую долю адказнасці за тое, што адбываецца. „Урады ўсё правалілі», – такі прысуд выносіць брытанская газета The Guardian.

«Крызіс агаляе знішчаную харчовую сістэму, у якой спажыўцам, а часцяком і вытворцам, даводзіцца змагацца за існаванне, у той час як іншыя заграбаюць казачныя прыбыткі. Гандаль збожжавымі засяроджаны ў руках усяго чатырох кампаній, якія атрымліваюць рэкордныя прыбыткі ад збыту гэтак неабходных прадуктаў харчавання. Няздольнасць урадаў разабрацца ў сутнасці рэальных праблем адкрыла кампаніям шлях да выкарыстання высокіх коштаў для атрымання звышпрыбыткаў, а таксама дазволіла Уладзіміру Пуціну выкарыстоўваць прадукты харчавання ў якасці палітычнай зброі», – падкрэслівае брытанскае выданне.

На прэс-канферэнцыі з удзелам знакамітага футбаліста і нападаючага клуба Пары Сен-Жэрмэн Кіліяна Мбапе і трэнера таго ж клуба Крыстафа Гальцье адзін з журналістаў заклікаў каманду ўносіць свой унёсак у абарону клімату і надалей ездзіць на выязныя матчы на цягніку, а не лётаць на самалёце. У адказ Мбапе і Гальцье толькі засмяяліся. У сацсетках узнялася бура абурэння. Французская прэса спрабуе зірнуць на сітуацыю аб’ектыўна.
“Гэта карысная спрэчка, якая, магчыма, падштурхне палітычнае кіраўніцтва да больш рашучых дзеянняў”, – цешыцца французская газета Libération.

«Для палітыкаў гэта вельмі зручная нагода, якой проста нельга не скарыстацца. Гэта гаючая палеміка, здольная матываваць кожнага з нас да таго, каб паскорыць экалагічны пераход. Наша газета сур’ёзна ставіцца да праблемы змены клімату і асвятляе цэлы спектр розных магчымасцяў па скарачэнні вугляроднага следа – усімі гэтымі магчымасцямі суцэль можа скарыстацца футбольны клуб фармату Пары Сен-Жэрмэн. Па выніках гэтай палемікі футбольны клуб можа ўзяць сябе ў рукі, пачаць ажыццяўляць гэтыя прынцыпы ў жыццё, і тым самым падаць добры прыклад іншым клубам, іншым відам спорту і іншым элітам, напрыклад членам урада», – прапануе французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array