Сафія Сапега „прайшла першы этап у працэдуры памілавання”
Грамадзянка РФ Сафія Сапега „прайшла першы этап у працэдуры памілавання” у Беларусі. Пра гэта „Бі-Бі-Сі” паведаміў адвакат яе сям’і Антон Гашынскі. Ён мяркуе, што Сапегу могуць памілаваць да канца года.

Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021-га. У пачатку траўня 2022 года яна была асуджана на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Дзяўчыну прызналі вінаватай па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пасля абвяшчэння прысуду Сафію Сапега ўзялі пад варту. Яна адбывае тэрмін у жаночай калоніі № 4 у Гомелі. Дзяўчына падала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі яшчэ ў чэрвені.