Каспер Рууд і Карлас Алькарас – фіналісты US Open у мужчынскім адзіночным разрадзе
Ноччу на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе ў мужчынскім адзіночным разрадзе вызначыліся імёны фіналістаў. Імі сталі трэці і пяты сеяныя турніру Карлас Алькарас з Іспаніі і Каспер Рууд з Нарвегіі. Яны абыгралі Фрэнсіса Тыяфа і Карэна Хачанава, якія прадстаўляюць адпаведна ЗША і Расею. Пірэнейцу спатрэбіліся для гэтага максімальна магчымыя пяць сэтаў 6:7 (6:8), 6:3, 6:1, 6:7 (5:7), 6:3, а яго будучаму апаненту — чатыры 7:6 (7:5), 6:2, 5:7, 6:2.
Берасцейскае „Дынама” перамагло „Арсенал”
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі стартавыя матчы 21-га тура. Футбалісты дзяржынскага „Арсенала” прайгралі ў Гарадзеі берасцейскаму „Дынама” 0:2. У сярэдзіне першага тайма забіў Гардзяйчук, а напрыканцы гульні Лынько ўсталяваў канчатковы лік. Дзяржынская каманда пацярпела шостую паразу запар. Берасцейцы не прайграюць ужо пяць тураў запар. Таксама футбалісты „Славіі” у Мазыры згулялі ўнічыю 1:1 з гасцямі са „Слуцка”. На гол Канцедайлава на першых хвілінах матчу, на 4-й даданай хвіліне гульні адказаў дакладным ударам Шасцілоўскі. Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца сёння: „Менск” прыме „Іслач”, „Днепр” – „Віцебск”, а БАТЭ пазмагаецца са сталічным „Дынама”.
Ганчарэнка раскрытыкаваў судзейства ў чэмпіянаце Расеі
Галоўны трэнер „Урала”, беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка расказаў, што арбітры вельмі часта памыляюцца супраць яго каманды. Ганчарэнка заклікаў судзейскі корпус чэмпіянату Расеі да аб’ектыўнасці і паслядоўнасці.
„Не можам спакойна глядзець на тыя памылкі, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да нас. Гэта выпадковасць ці прадузятасць? Бо анамальна шмат памыляюцца супраць нас. Ёсць яшчэ тое, што застаецца за кадрам. Напрыклад, па жоўтых картках мы, мусіць, самая грубая каманда. Але не бачу ніводнага футбаліста ў нас, які спрабуе не ў футбол гуляць, а кагосьці ламаць. У ідэнтычных сітуацыях атрымліваем штрафныя і карткі, супернікам жа даюць вусна папярэджанне, а часам на іх фалы проста заплюшчваюць вочы. Не просім судзейскі корпус, каб нам дапамагалі, проста хочам, каб з боку арбітраў была аб’ектыўнасць і паслядоўнасць, – прыводзіць словы Ганчарэнкі „Чэмпіянат”.
Агенты атрымалі 430,8 млн фунтаў камісійных па выніках летняга трансфернага акна
ФІФА апублікавала інфармацыю аб суме камісійных, якія зарабілі агенты футбалістаў за час летняга трансфернага акна, паведамляе ВВС. Сумарныя адлічэнні ім складаюць 430,8 мільёна фунтаў. Агульны кошт здзелак у трансфернае акно гэтага года склалі 4,36 мільярда фунтаў. Гэта перавышае аналагічны паказчык папярэдняга года на 29,7 працэнта. Клубы ангельскай прэм’ер-лігі выдаткавалі 1 мільярд 900 мільёнаў фунтаў. Гэта рэкорд у гісторыі турніру. Папярэдняе дасягненне было ўсталявана летам 2017 года. Яно раўнялася 1 мільярду 400 мільёнаў фунтаў.
Пронман ацаніў перспектывы Калячонка ў НХЛ
Аўтар аўтарытэтнага партала The Athletic Коры Пронман ацаніў перспектывы беларускага абаронцы Уладзіслава Калячонка ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Паўгода Калячонак адыграў за „Каёц”. Ён не самы яскравы гулец, але Уладзіслаў мабільны абаронца, які можа спыняць суперніка нагамі і корпусам. Ён можа зрабіць добры першы пас, але атакуючыя здольнасці Калячонка, хучэй за ўсё, ніколі не аслепяць.
Ён выступае ў якасці штатнага абаронцы трэцяй пары, – цытуе эксперта партал belarushockey.com.
Таксама Пронман ацаніў Калячонка па наступных паказчыках:
Катанне – сярэдняе па НХЛ;
Валоданне шайбай – ніжэй за сярэдняе па НХЛ;
Няўступлівасць – сярэдняя па НХЛ.
Беларускае Радыё Рацыя