Вялікабрытанія развітваецца з каралевай і вітае новага караля
Пахаванне брытанскай каралевы Лізаветы ІІ адбудзецца 19-га верасня ў Лондане, пра гэта паведамляе Букінгемскі палац. Карл ІІІ быў афіцыйна абвешчаны новым каралём Вялікабрытаніі.

На сувязі з „Радыё Рацыя” Алег Ражкоў – беларус, які жыве ў Лондане і спрычыніўся да гэтых гістарычных падзей.
РР: Які зараз пануе настрой на вуліцах Лондана?
Алег Ражкоў: Лондан – гэта горад, у якім жыве як шмат брытанцаў, так і шмат турыстаў. Мне падаецца, што для брытанцаў гэта сапраўды вялікі боль. Бо каралева была сімвалам стабільнасці, яе многія брытанцы ўспрымалі як члена сям’і. Я здымаю кватэру з двума брытанцамі, і для іх гэта траур. Яны ўжо які дзень запар не адыходзяць ад тэлевізара. У той жа час тут шмат турыстаў, якія спрычыняюцца да гэтай падзеі праз тое, што адбываецца нешта эпахальнае. Таму трошкі розная атмасфера пануе.
РР: Вельмі часта гучыць у СМІ, у розных каментарах, што адбываецца пэўны канец эпохі. 70 гадоў Лізавета ІІІ кіравала краінай.
Алег Ражкоў: Сапраўды так, цэлыя пакаленні брытанцаў жылі толькі пры гэтай каралеве. І рэйтынгі каралевы былі вельмі высокія. І зараз пытанне, што будзе надалей з манархіяй. Ці сапраўды яна будзе ўтрымліваць такі высокі рэйтынг? Новы кароль не мае такога вялікага мандату даверу брытанцаў, бо ўсё ж такі каралева заўсёды была на першым месцы, а ён быў толькі другой скрыпкай. І будзе шмат чаго залежыць ад першых крокаў караля.
Каралева Лізавета ІІ памерла ва ўзросце 96 гадоў. Яна ўступіла на пасаду ў 1952 годзе і стала самым доўгакіруючым манархам у гісторыі Вялікабрытаніі. Яе старэйшы сын Чарльз, які стаў каралём, адзначыў, што смерць Лізаветы ІІ стала момантам найвялікшага смутку для яго, усіх чальцоў сям’і і падданых Вялікабрытаніі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array