Мікалаю Аўтуховічу не перадаюць прадукты з турэмнай крамы
Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, утрымліваюць за кратамі ўжо больш за 21 месяцаў.

Лісты ад вязня даходзяць толькі яго маці. У нядаўнім паведамленні ён распавёў аб праблемах з „атаваркай” і пасылкамі, піша „Новы час”.
Пра гэта ў Фейсбук распавялі яго сябры: „А ў гарадзенскай турме нядаўна ўвялі чарговыя новыя правілы да перадач і пасылак. Цяпер адмаўляюцца перадаваць прадукты, якія ёсць у продажы на атаварцы. „Баржомі” і сокі з пасылкі адправілі на склад, бо ў турэмнай краме можна купіць ваду „Фрост” і сок „Сочны”. Аліўкавы алей у перадачы не прынялі, бо ў іх краме (часам) прадаецца сланечнікавы алей, і нават тое, што яго не было ў продажы, не паўплывала. З садавіны прымаюць цяпер толькі апельсіны, мандарыны, лімоны, яблыкі і грушы. Авакада, бананы і ківі, якія раней бралі без пытанняў, цяпер прымаць адмаўляюцца. Яшчэ Мікалай напісаў, што набыць нешта на атаварцы таксама становіцца праблемай, бо да яго проста не прыходзяць з крамы”.
Паведамляецца, што ў цэлым Мікалай трымаецца годна і моцна. Кажуць, выглядае ён ужо добра, наколькі гэта магчыма, аднавіўся пасля галадоўкі, толькі цукар у крыві высокі. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газеты.