На Гарадзеншчыне знішчаны яшчэ адны могілкі жаўнераў Арміі Краёвай
Як паведамляе Mostmedia.io са спасылкай на Саюз палякаў Беларусі, было знішчанае пахаванне ў вёсцы Плябанішкі Гарадзенскага раёна.

Там пахаваныя чатыры жаўнеры, якія загінулі ў сутычцы з немцамі 24 верасня 1943 года — Казімір Ахрамовіч (Jarski), Мечыслаў Місюта (Nieznany), Баляслаў Місюра (Swierk), Ганна Зарыцка (Czarna Hanka).

Вёска Плябанішкі размяшчаецца за 23 кіламетры на поўнач ад Гародні, каля беларуска-літоўскай мяжы. За лета стала вядома пра шэсць выпадкаў разбурэння магіл байцоў Арміі Краёвай у Гарадзенскім рэгіёне. 1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэнне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Гародняй. 25 жніўня каля вёскі Сурканты ў Гарадзенскай вобласці невядомыя зраўнялі з зямлёй могілкі Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Таксама вядома, што каля вёскі Пяскоўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі ў баях з войскамі НКВД.