Агляд прэсы: пад’ём планкі



Мурманск атрымаў «цёплыя краі» у выглядзе Менску. Контрнаступ ВСУ: фактары і магчымыя наступствы. Невыразныя вынікі выбараў у Швецыі. Ці гатовы Карл III да сваёй новай ролі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як большасць заходніх брэндаў пакінула Расею, у Беларусі ўсё яшчэ можна купляць папулярныя тавары. Для ўезду ў краіну, якая з’яўляецца блізкім саюзнікам Крамля, расейцам віза не патрэбная. А таму Мурманск нацэліўся на скарэнне Беларусі», – піша нарвежская газета The Barents Observer.

«Больш чым 1200 заходніх кампаній, пасля ўварвання ва Украіну Расеі скарацілі сваю дзейнасць у ёй. Новы iPhone 14, які прадаецца па цане каля 1000 еўра, з’яўляецца адным з прыкладаў таго, што расейцы не могуць купіць у Еўропе і прывезці дахаты. IPhone, аднак, ужо прадаецца па папярэдніх замовах у расейскай мабільнай сетцы МТС. Дастаўка можа заняць да 120 дзён і можа быць адменена, бо новыя шляхі альтэрнатыўнага імпарту ідуць як праз Казахстан, так і праз Беларусь. Турагенцыі таксама выкарыстоўваюць гэты шлях і прапануюць паездкі за пакупкамі ў Менск. Так новы прамы рэйс з Мурманска да беларускай сталіцы складае крыху больш за дзве гадзіны. Ва ўмовах санкцый і абмежавання палётаў у Еўропу Менск можа быць транспартным вузлом у іншыя краіны, напрыклад, у Грузію, а ягоныя самалёты выконваць рэйсы ў міжнародныя напрамкі Цэнтральнай Азіі і на Паўднёвы Каўказ», – паведамляе нарвежскае выданне.

Усяго за некалькі дзён ВСУ ўдалося вызваліць значныя тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці. Паводле звестак з Масквы, расейскія войскі адступаюць з рэгіёна. Аглядальнікі разважаюць над фактарамі ваеннага поспеху Украіны, а таксама над тым, якія наступствы ўсё гэта можа мець для будучыні абедзвюх краін.
«Стратэгія Пуціна правалілася», – піша італьянская газета La Repubblica.

«З красавіка рабіліся спробы трымаць колькасць ахвяр у разумных межах. Баі ў асноўным давяралася весці пяхоце з сепаратысцкіх рэспублік, наймітам і брыгадам нацгвардыі. Гэта былі сабраныя на хуткую руку, нескаардынаваныя падраздзяленні, якія былі не ў стане арганізавана адбівацца ад украінскага наступу. Гэта рашэнне было заснавана на жаданні не прыцягваць увагі і прадоўжыць правядзенне «спецыяльнай аперацыі» без мабілізацыі прызыўнікоў і аб’яўлення ваеннага становішча. Цяпер жа слова, забароненае Крамлём, выкарыстоўваецца прыхільнікамі жорсткай лініі, і, здаецца, альтэрнатывы яму не існуе», – прагназуе італьянскае выданне.

Па выніках парламенцкіх выбараў у Швецыі свае пазіцыі значна ўмацавала правапапулісцкая партыя Шведскія дэмакраты: ёй удалося выйсці на другое месца адразу ж за сацыял-дэмакратамі, якія знаходзяцца ва ўладзе. Паводле папярэдніх падлікаў галасоў, на змену леваму ўраду можа прыйсці кааліцыя, складзеная з кансерватараў, лібералаў і ўльтраправых. Канчатковыя вынікі галасавання будуць абвешчаныя ў сераду.
«Гэта карціна ўжо знаёмая нам па іншых краінах», – такі каментар аўстрыйскай газеты Kleine Zeitung.
«Ні курс падчас пандэміі, ні ўступленне ў НАТО не сталі галоўнымі тэмамі выбарчай кампаніі. Яна круцілася, хутчэй, вакол такіх пытанняў, як кошты на энергію і барацьба з крымінальнымі групоўкамі. Апошнюю тэму правыя якраз увязваюць з пытаннем прытоку мігрантаў. Палярызацыя грамадства і яго раскол на два супрацьлеглыя адзін аднаму лагеры цалкам упісваюцца ў агульную чорна-белую карціну, назіраную ў шматлікіх іншых краінах. Тамака выбаршчыкі таксама выбіраюць катэгарычныя чорна-белыя рашэнні. Папулістам штораз атрымоўваецца дамагчыся палітычнага поспеху, абапіраючыся ўсяго на некалькі тэм, пры гэтым адказаў на іншыя, і часам куды важнейшыя пытанні, ад іх не пачуеш»,
– піша аўстрыйскае выданне.

У той час як у Вялікабрытаніі рыхтуюцца старанна спланаваныя жалобныя мерапрыемствы пасля нядаўняй смерці каралевы Лізаветы II, якая кіравала на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Яе сын праводзіць першыя афіцыйныя дзеянні ў сваёй новай ролі – караля Карла III. Еўрапейская прэса вельмі крытычна ацэньвае тое, ці зможа новы манарх зладзіцца са сваёй роляй і запоўніць лакуны, пакінутыя яго маці.
Гішпанская газета ABC мяркуе, што новаму каралю давядзецца нялёгка.

«Нельга адмаўляць таго, што Карл III менш папулярны ў народзе, чым яго нябожчыца-маці, роўна як і таго, што яго часам вельмі рэзкая пазіцыя па некаторых спрэчных тэмах можа аказаць яму мядзведжую паслугу. А тут яшчэ і больш хісткая сітуацыя ў эканоміцы краіны. Цяпер, пасля разводу з усёй Еўропай, Злучанае Каралеўства апынулася ў адзіноце перад тварам фінансавай нестабільнасці. Унутрыпалітычную сітуацыю таксама нельга назваць спакойнай – з прычыны памкнення Шатландыі да незалежнасці, а таксама небяспекі вяртання палітычнай турбулентнасці ў Паўночнай Ірландыі. Не выключана, што, галоўная задача Карла III – рыхтаваць для ўзыходжанне на трон свайго сына Уільяма», – мяркуе гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array