Агляд прэсы: стаўкі на страх



Беларусь, Расея і М’янма не запрошаны на пахаванне Елізаветы ІІ. Контрнаступленне ВСУ: яго фактары і магчымыя наступствы. У чые рукі ідзе Швецыя? Чэхія: адстаўны прэм’ер Бабіш паўстаў перад судом. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Расея, Беларусь і М’янма не былі запрошаныя на пахаванне каралевы, але запрашэнні былі разасланыя кіраўнікам астатніх дзяржаў свету. Нават Іран быў прадстаўлены на ўзроўні амбасадара на службе ў панядзелак. Дзяржаўнае пахаванне павінна стаць адным з найбуйнейшых дыпламатычных сходаў за апошнія дзесяцігоддзі”, – паведамляе брытанская газета The Evening Standart.

Паводле матэрыялу, Вялікабрытанія не запрасіла прадстаўнікоў трох краін на дзяржаўнае пахаванне. «Расея і яе саюзнік Беларусь становяцца ўсё больш ізаляванымі на сусветнай арэне пасля ўварвання ва Украіну ў лютым. М’янма і яе ваенныя таксама трапілі пад брытанскія санкцыі і не былі запрошаныя на цырымонію. Чакаецца, што на пахаванні каралевы пасля яе смерці ў Балмарале ў чацвер прымуць удзел каля 500 замежных высокапастаўленых асоб. Мноства сусветных лідэраў ад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і першай лэдзі Джыл Байдэн да прэм’ер-міністраў Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі пацвердзілі, што прымуць удзел у пахаванні. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўсё роўна будзе вырашацца, хто будзе прадстаўляць расейскую нацыю на цырымоніі», – піша брытанскае выданне.

Усяго за некалькі дзён ВСУ ўдалося вызваліць значныя тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці. Расея адрэагавала спешным адводам войскаў з рэгіёна, а таксама ракетнымі абстрэламі грамадзянскіх электрастанцый ва Украіне. Аглядальнікі разважаюць над фактарамі ваеннага поспеху Украіны, а таксама над тым, якія наступствы яны могуць мець для будучыні Кіева, Захаду і Масквы.

“Адваёўванне Украінай сваіх тэрыторый – усцешны факт, але ў той жа самы час ён выклікае і некаторыя асцярогі”, – такое меркаванне выказвае дацкая газета Kristeligt Dagblad.

«Небяспека заключаецца ў тым, што стырно кіравання ў Расеі могуць узяць у свае рукі нацыяналісты-фанатыкі, якія не спыняцца перад ужываннем ядзернай зброі ці ж вырашацца на мабілізацыю сотняў тысяч ваеннаабавязаных, якія будуць выкарыстаныя як гарматнае мяса. Таму самы час падумаць пра тое, як можна выратаваць Расею ад яе самой, і ад татальнага яе прыніжэння. На гэтае пытанне няма простых адказаў, аднак жахлівым прыкладам тут па-ранейшаму можа служыць заключаная пасля Першай сусветнай вайны Версальская дамова, па выніках якой Нямеччына была прыніжаная, а затым праз 20 гадоў вырашыла ўзяць рэванш, і ўчыніла самую спусташальную ваенную катастрофу ва ўсёй гісторыі чалавецтва», – папярэджвае дацкае выданне.

Вынікі Парламенцкіх выбараў у Швецыі да гэтага часу не абвешчаны. Пакуль што падлічана 97 працэнтаў галасоў; хоць правы лагер і займеў большасць у парламенце, судзячы па гэтых дадзеных, яна мінімальная: у правых усяго толькі на адно дэпутацкае месца больш, чым у іх супернікаў. Правапапулісцкая партыя Шведскія дэмакраты здолела набраць ачкі і стала другой па велічыні палітычнай сілай краіны. Аглядальнікі аналізуюць прычыны такога зыходу выбараў, і разважаюць пра тое, якія ў партый ёсць магчымасці ў плане стварэння кааліцыі.

«Тое, што кансерватыўныя партыі ўпершыню ў сваёй гісторыі не выключаюць магчымасці заключэння альянсу са Шведскімі дэмакратамі – вельмі трывожны сігнал», – мяркуе шведская газета Dagens Nyheter.

«Відавочная рызыка таго, што ў доўгатэрміновай перспектыве шведскія кансерватары пойдуць тым жа шляхам, што і амерыканскія правыя. Тыя спадзяваліся, што змогуць абаперціся на радыкальныя сілы, і пасля кантраляваць іх, аднак апошнія самі іх паглынулі. У Швецыі, судзячы па ўсім, будзе вельмі слабы ўрад. Прорва паміж партыямі вельмі глыбокая. Ды яшчэ і разрыў па выніках выбараў вельмі невялікі, гэта значыць аб большасці казаць цяжка: 175 дэпутацкіх месцаў супраць 174 – паводле падлікаў у ноч пасля галасавання», – піша шведскае выданне.

Былы кіраўнік чэшскага ўрада Андрэй Бабіш паўстаў перад пражскім судом па абвінавачанні ў махлярстве з субсідыямі Еўразвяза. У 2008 годзе буйны бізнесмен, як мяркуецца, садзейнічаў у атрыманні субсідый ЕЗ на будаўніцтва аздараўленчага курорта на суму каля двух мільёнаў еўра. Бабіш адмаўляе абвінавачанні і заяўляе аб тым, што прычыны працэсу – палітычныя.

Чэшская газета Hospodářské noviny рада таму, што правасуддзе працуе.

«Тое, што Бабіш паўстаў перад судом – гэта самая лепшая навіна аб бесперабойным функцыянаванні прававой дзяржавы. Бо ў выніку становіцца зусім зразумелым, што ўплывовасць не азначае гарантаванай абароны ад правасуддзя. Калі адзін з самых магутных і багатых людзей краіны паўстае перад судом, нягледзячы на ўсе спробы прадухіліць гэта, гэта з’яўляецца доказам таго, што ў сучаснай Чэхіі не ўсё можна купіць. У гэтым сэнсе гаворка ідзе пра падзею палітычнага значэння, пра тое, што мы – не алігархія, але насамрэч прагрэсіўная ліберальная дэмакратыя са здаровымі і надзейнымі інстытутамі», – адзначае чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array