Палітзняволены журналіст Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з маці
Маці і айчым палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына ўпершыню за паўтара года змаглі пабачыцца з ім. Як перадае Радыё „Свабода”, ім далі пагаварыць амаль дзве гадзіны.

Па словах маці, Івашын выглядае добра, усміхаецца. Людміла Івашына кажа, што яны шмат часу абмяркоўвалі справу Дзяніса. Пракурор запрасіў для яго 9 гадоў калоніі, а суддзя прызначыў 13 гадоў і 1 месяц. „Справа пабудаваная на здагадках, ніякай канкрэтыкі. Дзяніс не зразумеў, за што яго асудзілі. Ясна навошта — каб маўчаў”, — кажа маці. Жанчына кажа, што яе сына намаўлялі на супрацу і нават ціснулі на яго. „Ціск спачатку быў вельмі моцны. Абяцалі залатыя горы, скараціць тэрмін. Пагражалі маці, жонкай, будучыняй, але ён ад усяго адмаўляўся”, — расказвае маці палітвязня.
Па яе словах, Дзяніса рэгулярна выклікалі на гутаркі ў КДБ, пяць разоў кідалі ў карцар. Але апошнім часам карцарам яго не караюць. Людміла Івашына распавяла, што на судовым працэсе Дзяніс не даваў паказанні. Сваё апошняе слова на судзе ён назваў „Словам праўды”: журналіст расказаў пра сваю працу і патлумачыў, што імкнуўся праз артыкулы абараніць нацыянальную бяспеку, „падаваў сігнал уладам”. Івашын упэўнены, што ён не будзе сядзець увесь тэрмін, які яму прысудзілі.