Зміцер Міцкевіч: 85% працэнтаў беларусаў не падтрымлівае вайну
Расейскія войскі знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, якую актыўна выкарыстоўвалі дзеля нападу на Украіну асабліва на першым этапе вайны. Гаворка ідзе пра жаўнераў ды ўзбраенне.

Ці пойдзе Украіна на знішчэнне гэтых расейскіх аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі? Адказвае журналіст тэлеканала „Белсат”, эксперт парталу „Belarus Security Blog” – Зміцер Міцкевіч.
РР: Пракаментуйце апошнія палітычныя падзеі вакол Беларусі.
– На самой справе тут варта падкрэсліць, што той контрнаступ, які адбываецца цяпер – гэта той план, якога Украіна хацела прытрымлівацца і якога яны прытрымліваюцца. Значыць у іх ідзе ўсё вельмі добра і пазітыўным чынам таму, што рэалізацыя тых задумак, якія агучваліся на пачатку ўсёй гэтай кампаніі на ўсходзе, адпаведна цяпер мы бачым добрыя вынікі планавання і заходняй дапамогі Украіне. Плюс зноў жа мы бачым, што расейцы аказаліся абсалютна непадрыхтаванымі да такога развіцця падзей. Насамрэч гэта дае нам падставы казаць, што Украіна можа развіваць свой поспех надалей. З другога боку, калі мы кажам пра Беларусь, то відавочна, што любой аслабленне ці параза Расеі для Беларусі – гэта пазітыўная навіна. Нам трэба ставіцца да гэтага станоўча. Цяпер мы можам казаць, што нагодаў для такога пазітыўнага мыслення стала больш.
РР: Што з вайсковымі базамі РФ у Беларусі? Ці можа Украіна наносіць па іх удары?
– Тут пытанне ў тым, наколькі з гэтых базаў будуць сыходзіць пагрозы для Украіны. Калі далей будуць адбывацца атакі, калі гэтыя атакі будуць для Украіны сапраўды небяспечнымі, калі яны сапраўды прымуць рашэнне, што менавіта знішчэнне з’яўляецца для іх адной з першачарговых задач, тады сапраўды ў іх не будзе перашкодаў дзеля нанясення такіх удараў. Адпаведна тут варта сказаць, што для Лукашэнкі гэта будуць вельмі кепскія навіны. Агулам для стасункаў Беларусі і Украіны гэта не самае лепшае, што можа адбыцца. Таму канешне б я сказаў, што відавочна гэта не самы пазітыўны сцэнар. З другога боку я не бачу якім чынам гэта можна прадухіліць. Гэта ўсё ў першую чаргу залежыць ад таго, як Расея будзе карыстацца акупаванай тэрыторыяй Беларусі.
РР: Вынікі апытання „Chatham House” паказалі, што дзеянні Расейскай Федэрацыі не падтрымлівае ўсяго каля 40% беларусаў. Як вы думаеце, наколькі можна сапраўды сцвярджаць, што такія вынікі рэальныя? Як вы іх ацэньваеце?
– Я думаю, што гэта вынікі нерэальныя. Я іх ацэньваю даволі скептычна, паколькі ёсць іншыя дадзеныя, паводле якіх 85% працэнтаў беларусаў не падтрымлівае вайну ва Украіне. То бок гэта мінімум 85%. Мы ведаем, што на беларусаў як раз уся гэтая ваенная прапаганда працуе кепска. Нават тыя людзі, якія гэта падтрымліваюць, той невялікі адсотак, яны не будуць мець ніякага жадання прымаць у гэтым удзелу. Таму для мяне гэтыя лічбы не з’яўляюцца нейкім паказнікам, якому варта давяраць. Гэта выглядае цалкам нерэальна, асабліва гэтая лічба ў 40%. Улічваючы тое, як пагоршылася стаўленне беларусаў да дзеянняў Расейскай Федэрацыі пасля 2020 года. Таксама, як пагоршылася стаўленне беларусаў да ўсё той жа Расейскай Федэрацыі пасля пачатку адкрытага ўварвання ва Украіну, проста па той самай прычыне, што гэта стварыла вялікія пагрозы непасрэдна для тэрыторыі Беларусі, асабліва для яе паўднёвых рэгіёнаў. Я ведаю, па сваёй інфармацыі, у гарадах людзі былі абсалютна не радыя бачыць кадыраўцаў або іншых персанажаў з расейскага войска. Гэта яўна не тая карцінка, да якой беларускі жыхар прывык і якая яму вельмі падабаецца. Мне здаецца, што варта больш прагматычна падыходзіць і ўлічваць розныя фактары ў ацэнцы сітуацыі.
„Відавочна, што гэта не самы пазітыўны сцэнар, з іншага боку не бачу, якім чынам гэта можна прадухіліць. Усе залежыць ад таго, як Расея будзе карыстацца акупаванай тэрыторыяй Беларусі”, – дадае Зміцер Міцкевіч.
Адзначым, што 14 верасня Расейская Федэрацыя працягнула тэрмін размяшчэння сваіх афіцыйных вайсковых аб’ектаў у Беларусі на 25 гадоў. Адпаведныя пратаколы датычаць двух аб’ектаў – „Баранавічы” і „Вілейка”. Насамрэч цяпер на тэрыторыі Беларусі расейcкіх вайсковых аб’ектаў больш, у тым ліку на Гомельшчыне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array