Маці Дзяніса Івашына: убачыла сына першы раз за паўтары гады
Упершыню за паўтары гады пасля затрымання маці Дзяніса Івашына ўбачыла свайго сына.

Гэта адбылося на спатканні на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду. Як адчувае сябе Дзяніс кажа Людміла Івашына:
– З першых секунд можна сказаць усё было наадварот. Я ўбачыла ўсмешлівы твар, які выпраменьваў кучу эмоцый, усё-такі ўнутраны стрыжань у ім гарыць. Таму я літаральна з першых секунд адразу ж супакоілася. Паразмаўлялі мы з ім недзе 1:45, 15 хвілін у нас скажам так скралі, пакуль прывозілі і везлі, бо на сустрэчу трэба 2 гадзіны.
Па словах Людмілы Івашынай асноўная размова была пра суд і што на ім адбывалася:
– Казалі пра суд, пра ўсе гэтыя лічбы. Я яму праз адваката прасіла перадаць: каб ён на судзе не канцэнтраваў сваю ўвагу на ўсіх гэтых лічбах, якія будзе «абвяшчаць» чалавек у мантыі суддзі. Адвакат да яго не патрапіў, і не паспеў перадаць мае слова, але як я зразумела, мы з ім на адлегласці мяняемся думкамі. І ён абсалютна спакойны
Нагадаем, што 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Дзяніс разам са сваім адвакатам цягам месяца збіраецца падаваць апеляцыю, каб абскардзіць гэты прысуд.
Беларускае Радыё Рацыя