Агляд прэсы: прабуксоўка механізма



Беларусь дазваляе Расеі выкарыстоўваць дзве вайсковыя базы яшчэ 25 гадоў Расея і Кітай па адзін бок?! Правыя вынікі выбараў у Швецыі. Ці не зацягнуліся жалобныя мерапрыемствы ў Вялікабрытаніі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Ваенныя вучэнні працягваюцца па абодва бакі мяжы, у той час як Менск засяроджваецца на паляпшэнні наступальных аперацый, а Кіеў узмацняе намаганні па размініраванні і абароне. Беларусь дазваляе Расеі выкарыстоўваць дзве вайсковыя базы яшчэ 25 гадоў. Таксама ў Менску адкрываюцца першыя падраздзяленні доўгачаканага «народнага апалчэння», – перадае ўкраінская газета The Kyiv Independent.

«Выкарыстанне Расеяй дзвюх беларускіх вайсковых базаў – Баранавічаў і Вілейкі – працягнулі яшчэ на 25 гадоў. Папярэдняе пагадненне было падпісана ў 1995 годзе і скончылася ў траўні 2021 года, аднак яно заставалася ва ўладанні расейскіх войскаў. Базы перадаваліся бясплатна. Станцыя «Баранавічы» выяўляе і каардынуе пускі ракет, а станцыя «Вілейка» з’яўляецца вузлом сувязі ВМФ Расеі. Масква цяпер таксама кантралюе аэрапорт Зябраўка на паўднёвым усходзе Беларусі. На паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці таксама былі заўважаныя расейскія вайсковыя сілы. Адпаведна Ўкраіна таксама распачала вучэнні, якія прадугледжвалі размініраванне і сталі адказам на беларускія, што праводзіліся з 8 па 14 верасня», – паведамляе ўкраінскае выданне.

У Самаркандзе ў рамках саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прайшла сустрэча прэзідэнтаў Расеі і Кітая – першая пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Украіне. Пуцін падзякаваў Сі Цзіньпіну за «узважаную пазіцыю» Кітая. Сі ў сваю чаргу заявіў, што Кітай хоча прыўнесці «стабільнасць у хаатычны свет». «Пуцін і Сі Цзіньпін гавораць на адной мове», – адзначае італьянская газета La Stampa.

«Абодва яны клянуць Захад з яго дэмакратычнымі спакусамі, якія нясуць толькі «збянтэжанасць, хаос і слабасць», але галоўнае – яны сцвярджаюць, што Захад – гэта смяротная небяспека. Спакуса заходніцтва ў вачах абодвух з’яўляецца абсалютным злом. З падобнай логікі і выцякае імкненне знішчыць ідэнтычнасць украінцаў, якія не жадаюць памятаць пра «матухну-Расею», ідэнтычнасць клапатлівых уйгураў, нібы спакушаных радыкальным і нацыяналістычным ісламам чачэнцаў, тыбетцаў і інфіцыраваных грамадзян Ганконга. Усіх іх трэба перавыхаваць – так, як гэта рабілася ў старыя добрыя часы, калі кіравалі генералісімус Сталін і вялікі рулявы Мао», – гіранізуе італьянскае выданне.

Па выніках парламенцкіх выбараў у Швецыі перамога з мінімальнай перавагай галасоў дасталася партыям правакансерватыўнага лагера. Кіраўнік урада ад сацыял-дэмакратаў Магдалена Андэрсан падала ў адстаўку. Кабінет, мяркуючы па ўсім, узначаліць Ульф Крыстэрсан, лідэр Умеранай кааліцыйнай партыі. Але для фармавання большасці яму спатрэбіцца падтрымка правапапулісцкай партыі Шведскія дэмакраты, якая здолела набраць жаданыя галасы і стаць другой па велічыні палітычнай сілай краіны пасля сацыял-дэмакратаў.

«Перспектыва фармавання кіруючай кааліцыі пры падтрымцы ультраправых «Шведскіх дэмакратаў не можа не трывожыць», – дзеліцца сваімі асцярогамі нідэрландская газета De Volkskrant.

«Ліберальная дэмакратыя, і перш за ўсё – захаванне асноўных правоў і свабод, а таксама абарона меншасцяў не будуць знаходзіцца ў надзейных руках, калі да ўлады прыйдуць ультраправыя. Вынікі выбараў у Швецыі – яшчэ адзін характэрны прыклад раздробненасці палітычнага ландшафту, які мае месца ў многіх краінах Еўропы. Там ва ўладзе знаходзяцца нестабільныя кааліцыі, і колькасць гэтых краін расце. Праблема будзе толькі пагаршацца, калі ўзрасце ўплыў нацыяналістычных партый, якія схільныя ва ўсіх саступках, якія робяцца дзеля супрацоўніцтва ў рамках ЕЗ, неадкладна ўгледжваць парушэнне нацыянальных інтарэсаў. Узрасце рызыка таго, што механізм ЕЗ пачне прабуксоўваць», – папярэджвае нідэрландскае выданне.

Зараз у грамадскім жыцці Вялікабрытаніі наўрад ці знойдзецца яшчэ хаця б адна тэма акрамя жалобы па нябожчыцы каралеве. У сродках масавай інфармацыі крытыкам манархіі практычна не даюць уставіць ні слова, а на вуліцах паліцыя разганяе дэманстрантаў. Брытанская газета The Guardian крытыкуе той факт, што жалоба па каралеве зацямніла сабой усе іншыя надзённыя праблемы.

«Прадпрыемствы, крамы і дабрачынныя арганізацыі, каледжы, школы, дзяржаўныя службоўцы, усе грамадскія дзеячы, якімі б дробнымі яны ні былі, баяцца зрабіць што-небудзь не так у гэтыя жалобныя дні. Палітыкі асцерагаюцца ўпусціць хаця б слова, якое можа быць вытлумачана як недарэчнае, а таму яны як у рот вады набралі, і гэта на фоне скачкападобнага росту кошту жыцця, і нягледзячы на тое, што міністр плануе адмяніць абмежаванне на бонусы для банкіраў, а Ліз Трас прапануе пакет дапамогі па аплаце электраэнергіі, які проста не ў стане абараніць занадта шматлікіх ад траплення ў спіраль беднасці», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array