У Беларусі запусцілі марафон агучвання твораў Янкі Купалы



У рамках святкавання 140-годдзя з дня нараджэння паэта Янкі Купалы ініцыятыва say.by запусціла незвычайны праект. Усім ахвотным прапануецца з дапамогай спецыяльнага сайта запісаць сваім голасам любы твор паэта. Як растлумачылі стваральнікі ініцыятывы, яны намагаюцца, каб беларусы ў будучыні маглі размаўляць з сэрвісамі не толькі па-руску, але і на беларускай мове. Аднак для гэтага трэба стварыць даволі вялікую моўную базу з запісам галасоў разнастайных людзей, што дазволіць камп’ютару як мага больш павысіць распазнаванне.

– Янку Купалу абралі для марафону ў тым ліку, каб было цікавей. Мы можам з розных галасоў скласці цэлыя вершы і паслухаць, як яны гучаць у выкананні людзей, што жывуць у розных кутках Беларусі. Чэлендж працягнецца яшчэ 39 дзён, – расказалі арганізатары праекта.

За першы тыдзень у марафоне (цяпер ідзе трэці) паўдзельнічалі 3 тысячы чалавек.