Вернікі адзначаюць 615-годдзе Сынковіцкага храма
У нядзелю, 18 верасня, каля славутай царквы Святога Архангела Міхаіла ў Сынковічах Зэльвенскага раёна адбываецца фестываль “СынкаВеча”. Ён прысвечаны 615-годдзю Сынковіцкага храма.

У 9 гадзін прайшло святочнае богаслужэнне, прысвечанае юбілею царквы, якое ўзначаліў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Антоній. У гэты дзень жадаючыя маглі памаліцца і прыкласціся да цудатворнай іконы Божай Маці “Усецарыцы” і да іншых святыняў.
Потым усе мерапрыемствы адбываліся на вялікай сцэне каля храма. Госці мерапрыемства сталі сведкамі і ўдзельнікамі гістарычнай рэканструкцыі ў стылі сярэднявяковай эпохі часоў Вялікага князя Вітаўта. Менавіта тут, дзе зараз стаіць Сынковіцкі храм, Вітаўт схаваў тутэйшы люд ад пагоні Ягайлы.
Пасля ўсе ўдзельнікі фестывалю глядзелі і слухалі канцэрты хора і ансамбля царквы Святога Архангела Міхаіла, ансамбля “Арнамент”, “Гарадзенскай капэлы”, арт-групы “Беларусы” і калектыву “Тутэйшая шляхта”, ансамбля “Песняры” і іншых выканаўцаў.
На фестывалі ўвесь дзень працавалі рамесныя рады, майстар-класы, выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падворкі сельсаветаў і сельскагаспадарчых арганізацый Зэльвенскага раёна, а таксама гандлёвыя рады.



















Беларускае Радыё Рацыя

