Унучка Лукашэнкі стане вядучай шоу на дзяржТВ



Адной з вядучых новага шоў на тэлеканале «Беларусь 1» стане Дар’я Лукашэнка, дачка старшыні Прэзідэнцкага спартовага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі. Праз тыдзень на тэлеканале абяцаюць новы сезон прэм’ер і нядзельнае спартова-забаўляльнае шоу „Героі”.

Скрыншот з тэлеканала „Беларусь 1”

Як паведамілі ў праграме „Галоўны эфір” на „Беларусь 1”, ініцыятарамі і арганізатарамі шоу выступілі Прэзідэнцкі спартовы клуб сумесна з МНС і „Белтэрадыякампаніяй”. Па словах аўтараў, яно крыху нагадвае «Спартландыю», але «выпрабаванні сталі больш сур’ёзнымі і перайшлі ў кіберпрастору».

Заяўляецца, што правілы гульні распрацаваны беларусамі і аналагаў яе няма ў свеце. У пажарна-выратавальным спорце будуць спаборнічаць 16 каманд з 48 старшакласнікаў. Каманды будуць прадстаўлены ад усіх абласцей, Менска, ліцэя МНС і юных ратавальнікаў Універсітэта грамадзянскай абароны. Для шоу была створана інфраструктура, якую размясцілі на 5 тыс. кв. м. Як запэўніваюць аўтары, уся яна сертыфікавана.

«У нас атрымалася, мы зрабілі прадукт, які адпавядае не толькі рэаліям сучаснага часу, але і для новага пакалення гэта ўжо нешта такое цікавае. І рэалізацыяй гэтай ідэі мы злучылі два складнікі. Першы – гэта самыя апошнія напрацоўкі індустрыі забаўкі, другі складнік – гэта, вядома ж, непасрэдна прапаганда самой прафесіі ратавальніка», – пракаментаваў шоў Дзмітрый Лукашэнка.

У каманду вядучых увойдуць Данііл Жданько (вядучы «Беларусь 2»), удзельніца дзіцячага «Еўрабачання» 2017 года Хелена Мерааі і Дар’я Лукашэнка, якая будзе выступаць наглядчыцай за правіламі гульні.

«Функцыя Юсты, яна ж Дар’я Лукашэнка, – дакладна ставіць задачу, актываваць гульню і дасканала сканаваць кожны крок удзельнікаў», – гаворыцца ў сюжэце.

Скрыншот з тэлеканала „Беларусь 1”

«Мая роля была такой хутчэй стрымана асобы. Такога персанажа ашчаднага. І Юста гэта вытворнае ад старажытнарымскай багіні правасуддзя Юстыцыі, якая, уласна кажучы, павінна быць справядлівай. Гэта патрабавала вызначанай падрыхтоўкі. Трэба было разам з гэтым персанажам пражыць, у яго як бы ўлучыцца ў гэтую выяву. Таму гэта было цяжкавата, улічваючы, што ў жыцці я такі дастаткова прыязны чалавек», – кажа пра сваю ролю Дар’я Лукашэнка.

Галоўным прызам праекта стане шматфункцыянальная сілавая пляцоўка для варкаўту.

Вядома, што Дар’я Лукашэнка сёлета скончыла школу. У сярэдзіне жніўня 2020 года паведамлялася, што Дар’я і яе старэйшая сястра Анастасія забралі дакументы з Ліцэя БДУ.

Reform.by