„Хімік” саступіў жлобінскаму „Металургу”, а „Магілёў” на выездзе перамог „Гомель”
У рамках беларускай хакейнай Betera-Экстралігі напярэдадні завяршыліся два матчы. У прыватнасці, „Хімік” на хатнім лёдзе саступіў жлобінскаму „Металургу” 1:2, а „Магілёў” на выездзе перамог у серыі булітаў „Гомель” 4:3.
Сялява і Волкаў не згуляюць у Лізе нацый з-за траўм
Як паведамляе прэс-служба АБФФ, Аляксандр Сялява, які выступае за расейскі „Растоў”, і гулец „Хімак” Захар Волкаў не згуляюць у маючых адбыцца матчах зборнай Беларусі з-за пашкоджанняў. Замест іх у нацыянальную зборную выкліканы паўабаронца барысаўскага БАТЭ Зміцер Бяссмертны і абаронца «Энергетыка-БДУ» Ілля Лукашэвіч. У гэтым сезоне 25-гадовы хаўбек вызначыўся 3 галамі ў 20 матчах за барысаўчан, тады як 24-гадовы гулец абароны правёў за „Энергетык” 16 матчаў. Зборная Беларусі згуляе з Казахстанам 22 верасня, а 25 верасня – са Славакіяй. Выязны паядынак супраць казахстанцаў пройдзе ў Астане на стадыёне „Астана-Арэна”. Заключны матч супраць славакаў пройдзе на нейтральным полі ў Сербіі на аднайменным стадыёне ў горадзе Бачка-Тапола.
Форвард „Энергетыка”-БДУ Ілля Грышчанка забіў 17000-ы гол у гісторыі вышэйшай лігі
Форвард „Энергетыка”-БДУ Ілля Грышчанка стаў аўтарам 17 000-га гола ў гісторыі вышэйшай лігі. У разлік браліся толькі рэальна забітыя мячы. Юбілейны мяч здарыўся ў паядынку 22-га тура з „Шахцёрам”, які яго каманда выйграла 1:0. У гэтым сезоне Грышчанка забіў два мячы і аддаў пяць выніковых перадач у 20 матчах.
Сяргей Ташуеў прызнаны лепшым трэнерам жніўня
Па выніках галасавання сярод журналістаў беларускіх выданняў, лепшым трэнерам жніўня „Беларусбанк – Вышэйшай лігі-2022” прызнаны галоўны трэнер салігорскага „Шахцёра” Сяргей Ташуеў. У трох жнівеньскіх матчах гарнякі здабылі тры перамогі над барысаўскім БАТЭ, „Іслаччу” і магілёўскім „Дняпром” з розніцай галоў 10:0. Сяргей Ташуеў дарэчы блізкі да прызначэння на пасаду галоўнага трэнера „Ахмата”.
Экс-беларус Аляксандр Буцько трапіўся на допінгу
Алімпійскі чэмпіён-2012 года ў складзе зборнай Расеі, ураджэнец Беларусі Аляксандр Буцько ў 2014 годзе здаў станоўчую допінг-пробу. Пра гэта ТАСС паведаміла крыніца. „У 2022 годзе выявілі пробу, якая была здадзена ў 2014 годзе. Інфармацыя аб гэтым была прадастаўлена адразу, гэтага ніхто не хаваў. Дзіўна, што гэта выявілася толькі зараз”, — сказаў суразмоўца агенцтва. 36-гадовы ўраджэнец Гародні на гэты момант знаходзіўся без клуба. Верагодна, гэта звязана з пачаткам справы ў дачыненні да допінг-пробы. Нагадаю, што ў 2012-м годзе Буцько стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай Расіі. У 2003 годзе Аляксандр выступаў за зборную Беларусі, аднак потым пераехаў у Расію і змяніў грамадзянства.
Беларускае Радыё Рацыя