Аляксею Каўку – 85!



20 верасня доктару філалагічных навук, кандыдату гістарычных навук, літаратуразнаўцу, публіцысту, выбітнаму грамадскаму дзеячу, аднаму з заснавальнікаў і першаму старшыні маскоўскага Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны Аляксею Каўку спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Больш за паўвека Аляксей Каўка жыве ў Маскве, але думкамі і душоў быў і застаецца з Беларуссю. Тры гады таму яго ўзнагародзілі медалём “100 гадоў БНР”.

Дзякуючы дыпламатычнаму пашпарту Аляксея Каўкі на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, якая была прысвечаная 1000-годдзю Беларусі (1980). Гэтая дата была адзначаная цэлым шэрагам акцый беларускае апазыцыі, сярод якіх і выпуск паштовак. Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ. Таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёлягаі паэта Зьніча (Алега Бембеля) «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялагічных даследаванняў і экспертных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сферы. У 1985 кніга была выдадзеная ў Лондане на беларускай мове і атрымала распаўсюджанне сярод колаў беларускае апазіцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся пераслед, але пачатак перабудовы выратаваў яго. Гэтая кніга мела вялікае значэнне для развіцця беларускае грамадскае думкі ў другой палове 1980-х. У перасылцы рукапісу на Захад праз Варшаву Каўку дапамагаў гісторык, дзеяч беларускага руху ў Польшчы, з якім ён шмат гадоў сябраваў, Юры Туронак. Падтрымліваў цесныя сувязі Аляксей Каўка і з беларусамі Польшчы Алесем Барскім, Віктарам Шведам, Міколам Гайдуком, Кастусём Майсенем. Шчыра сябраваў з Ежы Путраментам, Базылём Белаказовічам, Чэславам Сенюхам і іншымі асобамі.

Аляксей Каўка напісаў і выдаў кнігі “Тут мой народ”, “Жывом!”, “Будам жыць! Пра тое самае”, “Каб не забыцца” і шмат яшчэ. Выдаваў і рэдагаваў літаратурна-навуковы гадавік “Скарыніч”.

Шчыра віншуем спадара Аляксея з юбілеем і жадаем яму здароўя, дабра і шчасця!

На фота: Аляксей Каўка з Міхасём Скоблам
На фота: Анатоль Сідарэвіч і Аляксей Каўка каля магілы Янкі Брыля

Беларускае Радыё Рацыя