„ДНР”, „ЛНР” і акупаваны Херсон прызначылі дату „рэферэндумаў” аб далучэнні да Расеі
«Партыя вайны» перамагла, Крэмль вырашыў «неадкладна» анексаваць ўкраінскія тэрыторыі — і ўжо ўсур’ёз плануе мабілізацыю. Пра гэта піша выданне «Медуза». Прарасейскія ўлады самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», а таксама акупаваных тэрыторый Запарожскай і Херсонскай абласцей у спешным парадку і адна за адной абвясцілі, што найбліжэйшым часам правядуць «рэферэндумы аб далучэнні да РФ». „ЛНР” і ДНР дадалі, што галасаванне пройдзе ўжо на гэтым тыдні, з 23 да 27 верасня.

Адразу тры крыніцы «Медузы», блізкіх да Крамля, падкрэслілі, што, па задуме расейскіх уладаў, «рэферэндумы» закліканы спыніць прасоўванне ўкраінскіх войскаў, якія нібыта «не рызыкнуць наступаць на тэрыторыю Расеі» (пры гэтым, як вядома, памежныя рэгіёны Расеі рэгулярна падвяргаюцца абстрэлу ўжо цяпер).
Афіцыйны Кіеў ужо заяўляў, што лічыць галасаванне «фікцыяй», якая нічога не зменіць. Калі ж контрнаступленне працягнецца, расейскія ўлады маюць намер правесці ў Расеі частковую мабілізацыю і ўвесці ваеннае становішча, сцвярджаюць суразмоўцы «Медузы». Па іх словах, у сувязі з гэтымі «новымі ўмовамі» верагодныя перастаноўкі ў кіраўніцтве адміністрацыі прэзідэнта і міністэрства абароны Расеі. Папраўкі ў расейскім заканадаўстве, у тым ліку аб мабілізацыі, былі прынятыя ў той жа дзень, калі на акупаваных тэрыторыях абвясцілі аб рашэнні неадкладна правесці «рэфэрэндумы аб далучэнні да Расеі». Супраць гэтых паправак не выступіў ніводны дэпутат расейскае Дзярждумы.
Array