Агляд прэсы: сіла слова
Эстонія не хоча, каб лукашэнкаўскі рэжым застаўся беспакараным. Украіна – як парог заканчэння Халоднай вайны. Выбары ў Італіі: намячаецца перамога блока правых партый. Ала Пугачова сказала сваё слова. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу ў панядзелак на сустрэчы з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай заявіў, што беларускі рэжым не павінен адчуваць сябе беспакараным», – перадае балтыйскае выданне The Baltic Times.
«Эстонія і Ціханоўская правялі мерапрыемства пры падтрымцы Генасамблеі ААН, прысвечанае крызісу ў Беларусі і яго ўплыву на рэгіён і глабальную бяспеку. Бо за апошнія два гады ўсе неаднаразова бачылі, як злачынныя дзеянні беларускага рэжыму супраць свайго народу пашыраліся і станавіліся міжнароднай пагрозай. Беларускія ўлады таксама з’яўляюцца саўдзельнікамі вайны Расеі супраць Украіны, якая доўжыцца ўжо больш за паўгады. Таму мы павінны ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму, працягваць іх міжнародную ізаляцыю і забяспечыць юрыдычную адказнасць, каб рэжым Лукашэнкі адчуў гэта. Паколькі народы Беларусі і Украіны не стаміліся змагацца за свабоду, міжнародная супольнасць таксама не павінна стамляцца. Сёння як ніколі важна працаваць разам, каб абараніць заснаваны на правілах міжнародны парадак і каштоўнасці, якія мы шануем», – заклікае балтыйскае выданне.
Паспяховае наступленне ВСУ пад Харкавам можа стаць паваротным момантам у ходзе вайны. У той час як Зяленскі аб’яўляе аб тым, што наперадзе – вызваленне акупаваных тэрыторый, Пуцін сігналізуе аб гатоўнасці да перамоваў. У выніку няўдач расейскага войска ён апынуўся ў вельмі няпростай сітуацыі. Польская газета Rzeczpospolita не выключае нават распаду пуцінскай Расеі.
«Калі гэта адбудзецца, то такая падзея стане вялікім пераломам, і сапраўдным канцом халоднай вайны. На фоне папулярнай думкі пра тое, што халодная вайна, маўляў, скончылася 30 гадоў назад, такое сцвярджэнне, вядома, здольнае здзівіць. Але ў нашай частцы Еўропы, нягледзячы на відавочна паспяховую трансфармацыю, заўсёды існавала вельмі адчувальнае пачуццё, няхай нават падсвядомае, што халодная вайна так і не была скончана. І гэтае пачуццё толькі пацвярджалася тым, што ўсходні фланг НАТА не быў у належнай ступені абаронены, а таксама тым, якую ўсходнюю палітыку праводзілі заходнія краіны, у першую чаргу ў дачыненні да Расеі, якая нязменна займала ў іх вачах нейкае прывілеяванае становішча», – падкрэслівае польскае выданне.
Да парламенцкіх выбараў у Італіі засталіся лічаныя дні. Як паказваюць дадзеныя апытанняў, у гонцы лідзіруе постфашысцкая партыя «Браты Італіі» на чале з Джорджыяй Мелані. На другім месцы, праўда, з сур’ёзным адрывам, Дэмакратычная партыя Італіі. На фоне падобнага раскладу сіл у правага блока ў складзе партый «Браты Італіі», «Ліга» і «Наперад, Італія» з’яўляюцца нядрэнныя перспектывы займець большасць дэпутацкіх месцаў. Чым такі зыход можа абярнуцца для Еўропы ў цэлым? У сувязі з візітам лідэра Дэмакратычнай партыі Італіі Энрыка Леты ў Нямеччыну італьянская газета La Repubblica адзначае наступнае.
«Для Берліна існым кашмарам з’яўляецца ўжо сама магчымасць узнікнення згуртаванага фронту ўльтраправых сіл, які спусціўся б з поўначы на поўдзень, аб’яднаўшы Швецыю, Польшчу, Венгрыю і Італію. Пагроза новага фінансавага і прамысловага крызісу, абумоўленага сітуацыяй з газам, зараз знаходзіцца ў цэнтры ўсіх мераў, якія прымаюцца ўрадамі еўрапейскіх краін. Гэта датычыцца і неабходнасці адзінай рэакцыі на гібрыдную вайну, якую вядзе Пуцін. Ёсць асцярогі, што Еўрапейскі Звяз цяпер знаходзіцца ў зацягнутым паралічы: ён няздольны даць адпор Крамлю і прапанаваць сваім грамадзянам рашэнне набалелых праблем», – канстатуе італьянскае выданне.
Ала Пугачова, суперзорка савецкай і расейскай эстрады, апублікавала ў сацсетках заяву, у якой просіць Мінюст прызнаць яе «замежным агентам» услед за мужам, вядомым гумарыстам Максімам Галкіным. Як заявіла Пугачова, яна салідарная са сваім мужам, «сапраўдным і непадкупным патрыётам Расеі, які жадае Радзіме працвітання, мірнага жыцця, свабоды слова і спынення гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, якія робяць нашу краіну ізгоем». Гішпанская газета La Vanguardia задаецца пытаннем, якія вынікі мог бы атрымаць рост крытыкі ў адрас Крамля ўжо ў самой Расеі зараз.
«На мінулым тыдні Расея падвергнулася крытыцы з боку краін, якія быццам бы з’яўляюцца яе саюзнікамі. Абвінавачанні, вал якіх нарастае па ўсім свеце, гучаць і ў самой Расеі. Стала вядома, што спявачка Ала Пугачова выказалася супраць уварвання ва Украіну. Але таксама дакладна і тое, што з таго часу, як два дзесяцігоддзі таму Пуцін прыйшоў да ўлады, Крэмль знаходзіцца ў руках КДБ (цяперашняй ФСБ) і звязаных з ім алігархаў. Няўдачы на полі бою могуць узмацніць незадаволенасць у найбліжэйшым атачэнні прэзідэнта. І тады рана ці позна супраць яго могуць быць прыняты меры», – прагназуе гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array