Затрымалі трэнера па вольнай барацьбе – нядаўняга «прэзідэнцкага стыпендыята»
У Менску за ўдзел у пратэстах 2020 года затрымалі вядомага трэнера па вольнай барацьбе Канстанціна Мерманішвілі. Затрыманне адбылося ў сярэдзіне верасня.

На праўладных каналах з’явілася відэа з арыштаваным 41-гадовым трэнерам. Невядома, ці пачалі на яго крымінальную справу. Мерманішвілі мае найвышэйшую трэнерскую катэгорыю, працуе ў Менскай дзяржаўнай гарадской вучэльні алімпійскага рэзерву і Менскім гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Мядзведзя.
Летась яго выхаванка Вольга Гардзей заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы па вольнай барацьбе сярод жанчын. За гэта Мерманішвілі прысудзілі стыпендыю «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба». Яе даюць за выбітныя дасягненні ў спорце для «маладых і перспектыўных» спартоўцаў і трэнераў. На 2022 год яна складае каля 7700 рублёў, якія выплачваюцца цягам усяго года.