Агляд прэсы: прытармазіць не атрымаецца
Казахстан закрывае шчыліны ва ўхіленні ад санкцый для Расеі і Беларусі. Частковая мабілізацыя абвешчана: што далей? Ці гатовы расейцы да новай «Айчыннай» вайны? Інфляцыя: павышэнне працэнтных ставак як выратаванне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Найбуйнейшы банк Казахстана прыпыніў выкарыстанне папулярнай расейскай плацежнай карты «Мір». Такім чынам Астана ліквідавала шчыліну, якая дазваляла расейскім і беларускім грузаперавозчыкам перавозіць грузы з Еўразвязу праз Расею ў Казахстан без належных дакументаў», – паведамляе амерыканскае выданне Eurasianet.
«Прыцісканне адбываецца ў той час, калі Казахстан працягвае намаганні па выкананні міжнародных санкцый супраць Расеі і Беларусі — партнёраў па Еўразійскаму эканамічнаму саюзу (ЕАЭС), зоне свабоднага гандлю, каб пазбегнуць прымянення заходнімі краінамі да Казахстана другасных санкцый.
На гэтым тыдні казахстанскія мытнікі спынілі на мяжы як мінімум восем расейскіх сучлененых грузавікоў з таварамі з ЕЗ. 20-га верасня ў Астане патлумачылі, што грузаперавозчыкі павінны выконваць правіла, якое патрабуе ад іх прад’яўляць два дакументы: адзін з месца паходжання грузу, а другі – з месца, дзе ён быў перагружаны на расейскія або беларускія грузавікі для вывазу з ЕЗ і далей у Казахстан. У Расеі і Беларусі дзейнічалі падобныя забароны, якія яны адмянілі пасля ўвядзення санкцый у пачатку вайны Крамля супраць Украіны, каб даць транспартным кампаніям больш свабоды манеўру, калі бізнес з Еўропай спыніўся. Але гэта выклікала крыўду казахстанскіх кіроўцаў», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Прэзідэнт Расеі Пуцін аб’явіў пра правядзенне ў краіне частковай мабілізацыі. Сваю заяву ён суправадзіў таксама ядзернымі пагрозамі. На гэтым фоне растуць асцярогі наконт далейшай эскалацыі вайны ва Украіне і прычынення яшчэ большых бед і пакут яе народу. «Пуціну варта ўсвядоміць, што ядзерную вайну нельга выйграць і весці яе недапушчальна», – заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. Аглядальнікі канстатуюць, што пазіцыі Расеі працягваюць слабець. «Разбурэнні працягнуцца», – піша польская газета Polityka.
«У канчатковым выніку абвяшчэнне мабілізацыі – гэта пацверджанне ўсёй гісторыі расейскіх войнаў: калі Расея не ў стане перамагчы за кошт тэхналагічнай ці эканамічнай перавагі, то яна мабілізуе людскія масы, колькасць якіх заклікана кампенсаваць якасць. Гэта азначае зацягванне вайны, рост стратаў, але таксама больш гора і пакут для Украіны. Нельга забываць, што хоць гэтыя расейскія масы і будуць дрэнна навучаным гарматным мясам, яны ўсё роўна будуць ваяваць на тэрыторыі Украіны і разбураць яе», – прагназуе польскае выданне.
У сераду тысячы людзей выйшлі на вуліцы па ўсёй Расеі, каб выказаць свой пратэст наконт абвешчанай Пуціным частковай мабілізацыі. Паліцыя затрымлівала пратэстоўцаў і прымяняла да іх гвалт. Толькі ў Маскве было арыштавана больш за 500 чалавек. Па дадзеных праваабарончай арганізацыі АУС-Інфа, у Санкт-Пецярбурзе было затрымана больш за 550 пратэстуючых. Аглядальнікі разыходзяцца ў меркаваннях наконт таго, ці адлюстроўваюць гэтыя акцыі пратэсту агульныя настроі ў краіне. А вось турэцкая газета Milliyet адзначае, што расейскія мужчыны зараз масава спрабуюць выехаць з краіны.
«Неадкладна рушыла ўслед прадказальная рэакцыя: авіябілеты да Стамбула былі расхапаныя ў міг. Тыя, хто хоча выратавацца, спрабуюць выехаць за мяжу да таго, як закон уступіць у сілу. Паколькі рэйсаў у іншыя еўрапейскія краіны больш няма, а тэрмін дзеяння шэнгенскіх віз скончыўся, Стамбул ці іншыя аэрапорты Турцыі з’яўляюцца адзіным выратавальным маршрутам для тых, хто не жадае ісці на фронт», – адзначае турэцкае выданне.
Федэральная рэзервовая сістэма ЗША паўторна падняла працэнтную стаўку на 0,75 працэнтных пунктаў. Гэтае рашэнне выклікала змешаную рэакцыю: адны аналітыкі ўхваляюць яго як дзейсны крок па барацьбе з падаражэннем, іншыя, наадварот, асцерагаюцца таго, што гэта толькі падштурхне рэцэсію. Прэса піша пра тое, наколькі складаная сітуацыя зараз ў еўрапейскай эканоміцы, а таксама паказвае на тое, што ў планах урадаў недастаткова ўлічваюцца інтарэсы спажыўцоў. «Агульнасусветнае павышэнне працэнтных ставак здольна задушыць кан’юнктуру», – папярэджвае нямецкая газета Die Zeit.
«Цэнтральныя банкі 90 краін свету сёлета паднялі ўжо працэнтную стаўку. Так, кожны з іх прымае гэтае рашэнне з аглядкай на сітуацыю ва ўласнай краіне. Але сам факт таго, што адмова ад палітыкі нізкіх ставак, якая праводзілася ў папярэдняе дзесяцігоддзе, стала агульнасусветнай з’явай, можа ўзмацніць эфект ад гэтага павышэння, прычым зусім неабавязкова ў жаданы бок. І ў такім выпадку сусветная эканоміка і кан’юнктура могуць прасесці куды мацней, чым на тое разлічвалі цэнтральныя банкі. Бо іх мэта – прытармазіць эканоміку, але не задушыць яе. А з гэтай задачай цэнтрабанкам зладзіцца заўсёды складана, нават у куды больш спрыяльных умовах, чым назіраюцца цяпер», – падсумоўвае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array